Брат загінулай веласіпедысткі: Ёй не зрабілі нават тамаграфію мозга

Веласіпеды Наташы Сак і 40-гадовага мужчыны сутыкнуліся ў суботу 24 траўня непадалёк ад “Мінск-арэны”. Дзяўчыну забрала “хуткая”. Як паведамляюць у следчых органах, яна “праз нейкі час памерла ў бальніцы”.

Калі Еўрарадыё пачало даведвацца пра акалічнасці трагедыі, аказалася, што пасля сутыкнення з веласіпедыстам і падзення на дарожку, Наташа нават змагла самастойна дайсці да машыны “хуткай дапамогі”. Яе брат Юрый, калі даведаўся пра здарэнне, тут жа ірвануў у сталічную Бальніцу хуткай дапамогі і нават змог паразмаўляць з сястрой у прыёмным пакоі.

“Калі я туды прыехаў, то пабачыў Наталлю на каталцы. Яна мяне пазнала і сказала, што вельмі баліць галава і не памятае, што з ёй адбылося, ― распавядае Юрый. ― Прыйшоў хірург. Пасля ультрагукавога даследавання ўнутраных органаў не выявілі нічога падазронага. Прыйшоў нейрахірург. Ён папрасіў яе паказаць зубы, язык, павадзіў алоўкам перад вачыма, прасіў глядзець на ручку. Потым ён узяў яе за патыліцу, а яна пачала стагнаць ад болю і казаць: “Вельмі баліць галава”. Нейрахірург адказаў: “Ну, нічога, удар”. Далей яе распранулі, аддалі мне яе куртку, паклалі на насілкі і павезлі ў нейрахірургічнае аддзяленне, у самую звычайную палату № 203. Мяне і бацькоў туды не пусцілі”.

Па словах брата Юрыя, у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі у сястры не выявілі нават пералому чэрапу. А таксама не была зроблена камп’ютарная тамаграфія галаўнога мозгу.

“Ведаю, што там адбывалася, — працягвае Юрый. — У бальніцы ў мяне працуе знаёмая. Яна паглядзела “гісторыю хваробы”. Аказалася, уначы Наташу стала ванітаваць. Медсястра замест таго, каб паклікаць доктара і зрабіць тамаграфію, зрабіла ёй супрацьванітны ўкол. Гэта было каля чатырох ночы. Потым у Наталлі пачала пашырацца гематома, сціскацца мозг. Праз гэта пачалі адключацца органы дыхання. Па словах жанчын, якія знаходзіліся ў палаце, каля сямі раніцы Наташа захрыпела, бо не магла дыхаць, у яе ўжо былі сінія губы. Толькі тады медыкі прыляцелі ў палату з рэанімацыйным абсталяваннем, каля 40 хвілін яе адкачвалі. Магчыма, запусцілі сэрца, але мозг быў мёртвы. Сястру павезлі на аперацыю…”

Юрыю ўдалося сам-насам паразмаўляць і з нейрахірургам, які не адправіў сястру на тамаграфію і паклаў у звычайную палату, і з загадчыкам аддзялення.

“Я спытаўся ў нейрахірурга пасля смерці Наташы, чаму ён не зрабіў тамаграфію, ― узгадвае брат сустрэчу з медыкамі, якія ратавалі сястру. ― Ён сказаў: “Я заняты, у мяне трое хворых”. Размаўляў я і з начальнікам аддзялення. Ён сказаў, што тамаграфію не зрабілі, бо для гэтага не было паказанняў. Яны не пабачылі траўму чэрапа, хоць пералом костак быў ад скроневай вобласці да цемянной. Я лічу, што ўсё гэта ― злачынная халатнасць людзей у белых халатах”.

У сваю чаргу пазіцыю лекараў па гэтым здарэнні Еўрарадыё высветліць не ўдалося. Медыкі занялі абарону і сітуацыю пакуль не каментуюць.

Як паведамілі Еўрарадыё у Следчым камітэце, крымінальная справа па факце гібелі Наталлі не распачатая. Вядзецца праверка.  А пра дарожна-транспартнае здарэнне гаворкі не вядзецца, бо веласіпеды не з’яўляюцца транспартнымі сродкамі.

Высветлілася, што Наталля каталася на веласіпедзе не адна, а ў кампаніі дваіх хлапцоў. Адзін з іх, Дзмітрый, у момант сутыкнення знаходзіўся прыкладна ў 50 метрах наперадзе. Пабачыць гэты момант не змаглі і людзі, якія былі за пацярпелай, бо месца знаходзілася паміж дзвюма горкамі і ліхтары там не працавалі.

Сутыкнулася дзяўчына з 40-гадовым грамадзянінам. Дзмітрый распавядае пра размову, якая здарылася з гэтым чалавекам пасля здарэння:

“Ён сказаў, што ехаў па краю веладарожкі, ніяк не па сустрэчнай паласе. А ў момант сутыкнення абярнуў галаву назад, каб паглядзець, дзе яго сям’я. Я змог вярнуцца на месца, дзе сутыкнуліся веласіпеды, толькі праз хвіліну. Наташа спачатку нават змагла падняцца. Мы нават самі падышлі да праспекта, каб туды пад’ехала “хуткая”. Здавалася, што сур’ёзных траўм у яе няма. Але потым яна стала ўсё забываць, ― акцэнтуе увагу Дзмітрый на гэтай дэталі. ― Моманту ўдару яна не памятала, з кім сутыкнулася ― таксама. Пыталася некалькі разоў, што з ёй здарылася. Я адказваў: “Ты сутыкнулася вось з гэтым чалавекам, зараз прыедзе “Хуткая”. Літаральна праз хвіліну яна зноўку пыталася пра тое самае. У мяне адразу склалася адчуванне, што ёсць нейкае страсенне мазгоў. Таксама ў яе пачаліся болі ў галаве. Яна на іх скардзілася…”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі