Брата расійскага віцэ-прэм'ера і беларуса аштрафавалі за віншаванне Пуціна
Хамоўніцкі суд Масквы разглядаў справу бізнесмена Міхаіла Дварковіча і яго трох сяброў, а сярод іх — грамадзяніна Беларусі, мастака Сяргея Калейкіна.
7 кастрычніка яны былі затрыманыя ў Маскве на Валхонцы пры спробе запусціць паветраны шар з віншаваннем прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з 61-мі ўгодкамі з дня нараджэння. На ім было напісана: "З днём нараджэння, ультралорд!".
Суд прызнаў 35-гадовага Міхаіла Дварковіча (брата расійскага віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча), 28-гадовага Сяргея Калейкіна (па іншых звестках — Каленіка), а таксама Сяргея Галаванава і Іпаліта Паніна вінаватымі ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў паліцыі. Гэта выявілася ў тым, што затрыманыя не адразу паказалі свае дакументы праваахоўнікам. Ніхто з затрыманых сваёй віны не прызнаў. Кожны з іх, паводле рашэння суда, мусіць заплаціць штраф — па 1 тысячы расійскіх рублёў (каля 30 долараў).
Міхаіл Дварковіч сказаў у судзе, што паліцыя падазравала наяўнасць на банеры антыўрадавых лозунгаў. "Я брат намесніка старшыні ўраду, было б дзіўна, калі б я трымаў банер з абразамі на адрас ураду", — цытуе яго словы РІА "Новости".