Бразілія паварочвае налева: Лула да Сілва абышоў на выбарах Балсанару
Лула да Сілва / Getty Images
Выбары прэзідэнта Бразіліі скончыліся перамогай левага кандыдата Луіса Лула да Сілва, які набраў 50,9% галасоў, піша ВВС. Цяпер Жаір Балсанару павінен пайсці са свайго паста.
Гэтыя выбары адзначыліся расколам у бразільскім грамадстве. Абодва кандыдаты — і правы Балсанару, і левы да Сілва — маюць значную падтрымку ў бразільскім грамадстве.
Да Сілва займаў пост прэзідэнта Бразіліі з 2003 па 2010 гады. Ён не мог балатавацца на мінулых выбарах 2018 года, бо знаходзіўся ў зняволенні. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабара. Ён правёў у турме паўтары годы, але пасля прысуд быў ануляваны, і Лула вярнуўся ў палітыку. Яго пераможная гаворка пачыналася словамі "Яны спрабавалі пахаваць мяне жыўцом, і вось я тут".
Да Сілва паабяцаў змагацца з голадам, а гэта праблема закранае больш за 33 млн бразільцаў. У папярэднія тэрміны кіравання да Сілва ён быў папулярны сярод выбарцаў галоўным чынам менавіта дзякуючы сваёй палітыцы змагання з беднасцю. Зараз крокі ў гэтым кірунку асабліва неабходны, бо эканоміка краіны аслабленая пандэміяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.