Брэсцкія мытнік і памежнік за хабар прапускалі аўто праз мяжу без дагляду
Пракуратура Брэсцкай вобласці перадала ў суд Маскоўскага раёна Брэста крымінальную справу на трох жыхароў Брэста.
Папярэдняе расследаванне выявіла, што здарэнне адбылося на пункце Пясчатка Брэсцкай мытні, перадае прэс-служба Генпракуратуры. Памежнік Х. за 100 долараў "пераканаў" супрацоўніка мытні Б. не праводзіць мытны дагляд аўтамабіля "Фольксваген Транспарцёр". На гэтым аўто непрацуючы Д. ехаў з Польшчы ў Беларусь. Кіроўца ўнёс у мытную дэкларацыю заведама недакладныя звесткі пра тавары, якія вёз праз мяжу. Праз мяжу ён перавёз замежныя абутак, адзенне і бытавую тэхніку. Сума нявыплачаных мытных плацяжоў склала 65 500 рублёў.
Дзеянні непрацуючага Д. кваліфікавалі як ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры. Дзеянні памежніка і мытніка кваліфікаваныя як дапамога ва ўхіленні ад мытных плацяжоў. Акрамя таго памежніка Х. вінавацяць у падбухторванні да злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і дачы хабару. Мытніка Б. вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і атрыманні хабару.
З памежніка і мытніка ўзятыя падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах, а кіроўца машыны ўзяты пад варту.