Брэсцкія прадпрымальнікі збіраюцца правесці мітынг супраць указаў №222 і №48

Брэсцкія прадпрымальнікі збіраюцца правесці мітынг супраць указаў №222 і №48

У Брэсце каля 300 прадпрымальнікаў зладзілі чарговы сход. Адбыўся ён на рынку каля мясцовага ЦУМу. Прысутнічалі на ім прадстаўнікі розных рынкаў горада.

Спачатку выступілі дэлегаты прадпрымальніцкага форуму, які прайшоў у Мінску 1 лютага. Прысутным зачыталі прынятую там рэзалюцыю.

Потым прадпрымальнікі агучылі і аднагалосна прагаласавалі за зварот да аблвыканкаму. У ім ІП патрабуюць адмяніць указы №222 аб сертыфікатах і №48 аб мерах па дзяржкантролі за выкананнем
тэхрэгламенту.

Еўрарадыё паразмаўляла з Аленай Кустус, старшынёй савета прадпрымальнікаў рынку “ЦУМ”. Жанчына распавяла, што пасля збору подпісаў пад зваротам, яго перададуць да кіраўніцтва вобласці.

Кустус: "Людзі настроеныя ісці і змагацца да канца, бо ў нас іншага варыянту папросту няма. За намі сем'і, наёмныя работнікі, бацькі нашы... У рэшце рэшт аблвыканкам таксама мусіць адрэагаваць на гэтую сітуацыю ды далажыць "наверх", што прадпрымальнікі хочуць працаваць, але працаваць паводле закону. У цяперашні час мы не можам выконваць сваю працу, не парушаючы заканадаўства".

Таксама на сходзе было прынята рашэнне правесці мітынг. Заяўку на аналагічнае мерапрыемства ў Мінску на 15 лютага падала “Перспектыва”. Брэсцкія ІП магчымай датай свайго мітынгу называюць 19 лютага.

Нагадаем, што з 1 студзеня беларускія ІП масава спынілі гандаль. Згодна з указам №222, яны не могуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці без сертыфікатаў Мытнага саюза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі