Брэсцкую ліцэістку падазраюць у крадзяжы 8000 еўра ў замежніка
Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта расследуе крымінальную справу за крадзеж у буйным памеры (ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса). Падазронай па справе праходзіць 18-гадовая навучэнка аднаго з прафесійных ліцэяў горада, перадае БелаПАН.
Па словах афіцыйнай прадстаўніцы абласнога ўпраўлення СК Марыны Драньковай, дзяўчыну падазраюць, што 22 красавіка ў Брэсце яна была ў арандаванай кватэры 45-гадовага мужчыны і скрала з кішэні яго адзення 8000 еўра.
Паведамляецца, што мужчына з сябрам у адным з бараў Брэста пазнаёміліся з дзяўчынай і яе сяброўкай. Потым усе пайшлі да яго дадому, дзе працягвалі выпіваць. Удзень 45-гадовы мужчына заснуў. Прачнуўшыся ўвечары, ён выявіў, што ў яго зніклі грошы. Дзяўчат да гэтага часу ў кватэры ўжо не было.
Пацярпелы — замежны грамадзянін, які, па яго словах, займаецца адкрыццём кавярні ў Брэсце.
Дзяўчат затрымалі супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Брэста. Пры іх знайшлі частку скрадзеных грошай. Астатнія знайшліся пры ператрусе па месцы жыхарства сяброўкі 18-гадовай ліцэісткі, якая пакінула ў яе валюту. 25 красавіка дзяўчыну ўзялі пад варту. Яна раскаялася ў зробленым і заявіла, што грошы крала адна.
Пацярпелы затэлефанаваў ёй на мабільнік і пагражаў паведаміць у міліцыю пра крадзеж. Тады дзяўчаты прыйшлі да яго дадому, каб урэгуляваць канфлікт. Там іх ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі.