Брэстаўчанам працягваюць нагадваць пра зніклых палітыкаў (фота)
У цэнтры горада з'явіліся вялікія плакаты з выявай Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага.
Плакаты з надпісам "Мы памятаем" размясцілі невядомыя актывісты на рэкламных тумбах каля мясцовага ЦУМа. Па словах відавочцаў, адбылося гэта 16 кастрычніка акурат у гадзіну пік — каля 17.30.
Нагадаем, што роўна месяц таму падобная акцыя адбылася ля ўваходу ў стары корпус Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна. У гадавіну знікнення ў Мінску Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага невядомыя выставілі вялікія самаробныя стэнды з іх здымкамі.