Брастаўчане збіраюць подпісы, каб адрамантаваць дарогі
У брэсцкім мікрараёне "Рэчыца" амаль 10 гадоў не рамантуюцца вуліцы.
Абяцанні адрэстаўраваць вуліцы Рэчыцкую і Сонечную яны чуюць з 2004 года.
Пра тое, як на сённяшні дзень выглядаюць гэтыя вуліцы, Еўрарадыё распавяла мясцовая жыхарка Ева Кавальчук.
Ева Кавальчук: "На гэтай вуліцы мора машын: ездзяць-лётаюць! Дарогу немагчыма перайсці — тратуара няма! Там пясок! Дождж пойдзе — лужыны па калена. Карацей, няма тратуара, няма каналізацыі ў людзей. Там вельмі шмат праблем! Сітуацыя такая, што нас за людзей не лічаць. У горадзе (маецца на ўвазе цэнтральныя мікрараёны Брэста. — заўв. Еўрарадыё) можна мыць дарогі, можна некалькі разоў мяняць асфальт, тратуары, а вось тут людзі не жывуць — жыве быдла! Вось шчыра, мяне гэта дастала!"
6 верасня ў Брэсцкі гарвыканкам былі накіраваныя адразу два звароты — асобна па вуліцах Рэчыцкай і Сонечнай. Пад патрабаваннем правесці іх рамонт падпісаліся каля 300 чалавек. Аднак, са словаў актывіста кампаніі "Гавары праўду" Ігара Маслоўскага, улады горада пакуль адрэагавалі толькі на адзін ліст.
Ігар Маслоўскі: "Прыйшоў адзін адказ, што пры наяўнасці фінансавання будзе рэканструкцыя па вуліцы Рэчыцкая. Але, на наш погляд, так можна чакаць вечнасць, таму зараз мы правядзём кансультацыі і, хутчэй за ўсё, абскардзім рашэнне гарадскога выканаўчага камітэта ў абласны камітэт".
Нагадаем, што сёлета з сакавіка кампанія "Гавары праўду" праводзіць ў Брэсце акцыю "Тысяча і адна яміна", мэта якой — паляпшэнне стану гарадскіх дарог. Яе станоўчым вынікам можна лічыць асфальтаванне праблемнага праезду, які злучае вуліцы Жукава і Ракасоўскага ў мікрараёне Паўднёвы.
Рубрыка "Самаабарона" падрыхтаваная спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма".