Брытанія ўнесла ў санкцыйны спіс свайго грамадзяніна
Лондан / Фота ілюстрацыйнае, pixabay
Брытанскі журналіст Грэм Філіпс, які працаваў у расійскіх СМІ, афіцыйна трапіў пад санкцыі ўрада Вялікабрытаніі, піша ВВС. Актывы Філіпса замарозілі.
"Грэм Філіпс — відэаблогер, які стварыў і апублікаваў медыякантэнт, што падтрымлівае і прасоўвае дзеянні і палітыку, якія дэстабілізуюць Украіну і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту або незалежнасці Украіны", — гаворыцца ў тлумачэнні.
Журналіст зняў на відэа захопленага ў палон падчас бітвы за Марыупаль брытанскага грамадзяніна Эйдэна Асліна і назваў яго "наймітам", а не ваеннапалонным.
Чалец парламента ад Ньюарка Роберт Джэнрык тады заявіў, што зняты журналістам матэрыял з'яўляецца "абуральным парушэннем Жэнеўскіх канвенцый", а самому Філіпсу "пагражае судовы пераслед за ваенныя злачынствы".
У 2014 годзе Філіпс супрацоўнічаў з Russia Today. Тады яго затрымлівалі ўлады Украіны, аднак пазней ён быў вызвалены. Журналіста абвінавачвалі ў тым, што ён здымаў аб'екты, "здымаць якія забаронена", нагадвае ВВС.
Новы пакет санкцый Вялікабрытаніі накладае абмежаванні на 1,1 тыс. фізічных асобаў і больш за 100 арганізацый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.