Брытанскі міністр сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі апазіцыі

Брытанскі міністр сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі апазіцыі

Дзяржаўны міністр у справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алан Данкан сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі апазіцыі. Як інфармуе Радыё Свабода, у сустрэчы бралі ўдзел лідары руху “За свабоду” (Юрый Губарэвіч), Партыі БНФ (Аляксей Янукевіч), Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” (Сяргей Калякін), аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі). “Гавары праўду” прадстаўляла Таццяна Караткевіч. Прысутнічала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Янукевіч казаў на сустрэчы, што Захаду не трэба рабіць стаўку на тое, што праз дыялог атрымаецца неяк паўплываць на Аляксандра Лукашэнку, і праз гэта на беларускае грамадства. Апазіцыйны палітык лічыць, што праца з беларускім грамадствам мусіць пашырацца, каб у выпадку правядзення ў нашай краіне свабодных выбараў дэмакратычная супольнасць “была гатовая і здольная супрацьстаяць… агрэсіўнай хвалі з боку “русского мира”. Старшыня Партыі БНФ перакананы, што міністр “успрыняў гэтае пасланне”.

Як паведамляла Еўрарадыё, у Мінску Алан Данкан таксама сустрэўся ў Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні заклікаў Вялікабрытанію павялічыць інвестыцыі ў Беларусь. Таксама ён паабяцаў навучыць брытанскага міністра гуляць у хакей. На сустрэчы з міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем Данкан сказаў, што задаволены вынікамі свайго візіту ў Беларусь. Пра іх ён збіраецца распавесці прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Тэрэзе Мэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі