Брытанскі ўрад прыняў на афіцыйную дзяржаўную службу ўжо трэцяга ката

Брытанскі ўрад прыняў на афіцыйную дзяржаўную службу ўжо трэцяга ката

Міністэрства фінансаў Вялікабрытаніі прыняло на дзяржаўную працу ката-мышалова па мянушцы Глэдстан. Гэта трэці прадстаўнік сямейства каціных на Даўнінг-стрыт, які мае статус чыноўніка. Глэдстан раней быў бяздомным, якога кацянём падабралі на вуліцы супрацоўнікі прытулку для жывёл. Замест ранейшай мянушкі Цімі, кот цяпер носіць імя былога брытанскага прэм’ера і міністра фінанса Уільяма Глэдстана. Цяпер ён будзе служыць ва ўрадавым квартале Лондана, перадае ВВС.

Апроч чорнага Глэдстана, пасаду мышалова займае паласаты з белым кот Лары ў рэзідэнцыі прэм’ер-міністра. Ён захаваў сваю працу, нягледзячы на нядаўнюю змену кіраўніка ўраду. Свайго пухнатага службоўца мае і брытанскі МЗС — там на грызуноў палюе чорна-белы Палмерстан.

Міністэрствы і ведамствы Злучанага Каралеўства размяшчаюцца ў старадаўніх урадавых будынках, таму праблема мышэй і пацукоў там надзвычай актуальная. Менавіта з гэтай прычыны там пачалі сяліць катоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі