БСДП (Народная грамада) і "Свабода" аб'ядналіся ў адну партыю

Аргкамітэты па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) і Сацыял-дэмакратычнай партыі "Свабода" 20 лютага на з'ездзе ў Мінску прынялі рашэнне аб аб'яднанні ў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). Па выніках галасавання старшынёй аб'яднанай партыі абраны Мікалай Статкевіч. За яго прагаласавала 111 дэлегатаў з'езду, адзін выказаўся супраць. Генеральным сакратаром партыі абраны Сяргей Скрабец, першым намеснікам старшыні — Аляксандр Арастовіч. Намеснікамі старшыні сталі Анатоль Букас, Аляксей Гавруцік і Сяргей Кулініч. На з'ездзе таксама былі прынятыя праграма і статут партыі.

Згодна з рашэннем з'езду, БСДП (НГ) адмаўляецца ад афіцыйнай рэгістрацыі партыі і будзе дзейнічаць у рангу арганізацыйнага камітэта. Каментуючы агенцтву “БелаПАН” такое рашэнне, лідэр партыі Мікалай Статкевіч сказаў: "Я лічу, што кіраўнікі апазіцыйных партый не павінны гнацца за афіцыйнай рэгістрацыяй, бо перадача ў органы юстыцыі спісу чальцоў партыі выклікае рэпрэсіі ў іх дачыненні". Статкевіч таксама нагадаў, што ў гэтым тысячагоддзі беларускія ўлады не зарэгістравалі ніводной палітычнай партыі.

Па яго словах, аб'яднаная партыя налічвае каля 2,5 тыс. чальцоў. У бліжэйшы час яна сканцэнтруецца на падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў. "Афіцыйная рэгістрацыя ўдзелу ў выбарах не дапаможа. Вылучаюць кандыдатаў у прэзідэнты простыя людзі, партыйны кандыдат шмат каго з іх можа адпужнуць", — растлумачыў гэтую пазіцыю партыі яе лідэр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі