Будаўнічы ліцэй "дабрачынна" дапамог прыбрацца на "Барысаўдрэве"
У навучальнай установе патлумачылі, што прыборка прадпрыемства, станам якога быў не задаволены Лукашэнка, гэта валанцёрская акцыя.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла дырэктарка Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Алена Зяблікава.
Зяблікава: "Замест заняткаў мы не працуем. Але ў нас сапраўды вялікая і важная будоўля, і мы разумеем важнасць аб'екта. У горадзе шмат аб'ектаў, якія мы дапамагаем як будаўнікі будаваць. А будоўля пачынаецца з прыборкі смецця".
Навучэнцаў ліцэя прыцягваюць да розных аб'ектаў. Працавалі яны і на стадыёне БАТЭ. Калі працу прапануюць будаўнічыя арганізацыі, то вучні за гэта атрымоўваюць грошы. Але прыборка "Барысаўдрэва" — гэта дабрачынная валанцёрская акцыя, кажа дырэктарка.
Сайт barysau.by таксама паведаміў, што на будоўлі працуюць і вучні 6-й школы. У самой школе каментароў не даюць, пакуль не з'явіцца дырэктар.
Фота — ont.by