"Будзьце асцярожныя ў сацсетках, а то здарыцца, як са мной"
“Не трэба прыязджаць на мой суд. Я пры журналістах хвалююся. Невядома, як павернецца там усё для мяне. І так ужо усе напісалі, нават да расійскіх СМІ дайшло. Але, як вы так ужо хочаце, то прыязджайце. Заўтра ў 9.15 пачатак, прыязджайце”, — прыкладна такім чынам складвалася мая размова з жыхаркай Гродна Дыянай Сяльванавай напярэдадні завяршэння яе працэсу.
Дыяна стала знакамітай, калі гродзенскія праваахоўнікі узбудзілі супраць яе справу за захоўванне парнаграфіі з мэтай распаўсюджвання. Аднойчы ў верасні да яе дадому прыйшлі міліцыянеры з намерам “правесці агляд месца жыхарства”. У прысутнасці Дыяны акрылі яе старонку з сетцы “Вконтакте”, зайшлі ў фотаальбом, паказалі, што там ёсць адзін фотаздымак з пікантным зместам і паведамілі, што па гэтай справе праводзіцца праверка і супраць яе узбудзяць крымінальную справу. Артыкул 343 частка 2 — захоўванне парнаграфіі з мэтай распаўсюджвання. Адразу ж паказалі тэкст экспертызы, зробленай мінскім прафесарам філалогіі, і развіталіся.
Суд пачаўся ў канцы снежня 2016 года. “Я нават адваката сабе не шукала, падумаць не магла, што так усё сур’ёзна будзе. А ад дзяржаўнага адмовілася, знаёмыя расказалі, як яны працуюць. То я сэнсу ў дзяржаўным не бачыла. Пасля першага паседжання ўжо зразумела, што мне насамрэч пагражае”, — расказвае Сяльванава.
На другое паседжанне дзяўчына не прыйшла. У выніку суддзя Дзмітрый Цывунчык вырашае даставіць абвінавачаную ў залу прымусова. Апошняе паседжанне праходзіць 12 студзеня. Дзына Сяльванава на яго прыходзіць адна, без адваката і падтрымкі.
Чакаем больш за 30 хвілін — на гэты раз спазняецца суддзя. Калі ён усё ж з’яўляецца ў судовай зале, то адразу выклікае сведку, супрацоўніцу Кастрычніцкага РУУС Святлану Янушкевіч.
“Я паводзіла агляд на месцы здарэння, у кватэры Сяльванавай. Мы канфіскавалі тэлефон “Нокіа”. У яе ў альбоме ў сацсетках была выява, карцінка. Сяльванава нам казала, што гэта не парнаграфія, што гэта толькі эротыка… Сам факт яна не адмаўляла. Казала, што змясціла выяву ў альбом з дапамогай тэлефона. Адкуль ведалі пра тое, што ў альбоме Сяльванавай ёсць такі здымак? Ад супрацоўнікаў Ленінскага РУУС, яны праводзілі маніторынг інтэрнэта”, — расказвае міліцыянтка ў судзе.
Абвінавачаная з паказаннямі сведкі пагаджаецца. І дадае: “Мае сябры ў сацсетках не атрымліваюць паведамленняў пра тое, што туды (у альбом з фотаздымкамі, ― Еўрарадыё) нешта дадаецца”.
Суддзя выслухоўвае паказанні абвінавачанай і дае слова пракурору.
“Мэтанакіравана распаўсюдзіла выяву групавога кантакту… 343 артыкул, частка 2 — захоўванне з мэтай распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў… Сяльванава пацвярджае факт размяшчэння выявы… Яе асабістая старонка з’яўляецца адкрытай. Абвінавачаная не зрабіла крокаў па выдаленні… Віна цалкам даказаная”, — прамова дзяржаўнага абвінаваўцы спачатку падаецца абсалютна бязлітаснай. Але потым змякчаецца. Ён згадвае пра тое, што Сяльванава раней не прыцягвалася да адказнасці, толькі раз мела штраф за безбілетны праезд і адна выхоўвае шасцігадовае дзіця. Таму лепшым пакараннем будуць два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на адзін год. А таксама падпіска аб нявыездзе і канфіскацыя смартфона “Нокіа”, з дапамогай якога абвінавачаная і захавала сабе ў альбом той самы фотаздымак.
“Я не згодная, што захоўвала з мэтай распаўсюджвання, — кажа ў апраўданне абвінавачаная. — Рабіла гэта з тэлефона і толькі для ўласных мэтаў. Лічу, што намер распаўсюджвання не даказаны. Перакананая, што гэта эратычная карцінка, а не парнаграфіная… Сваю віну прызнаю часткова, я зрабіла высновы з гэтай гісторыі. Буду радзей наведваць сацсеткі. Зрабіла высновы”.
Суддзя сыходзіць прымаць рашэнне. Падчас перапынку Дзіяна Сяльванава кажа, што здагадваецца пра сапраўдныя прычыны узбуджэння справы супраць яе.
“Думаю, што нават ведаю, хто напісаў данос. У мяне быў канфлікт з адным чалавекам у ліпені, а ўжо ў верасні да мяне прыйшлі. У супадзенні такія не веру. Гэта ўсё праз данос. Яго няма ў матэрыялах справы, але самі падумайце, каму трэба было так капацца менавіта ў маіх альбомах і старонках?”
Суддзя вяртаецца праз гадзіну: “Прызнаць вінаватай. Два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на адзін год”. У дадатак канфіскацыя тэлефона і абавязак выплаціць у даход дзяржавы 30 базавых — 690 рублёў.
“Не буду я абскарджваць гэтае рашэнне. Які сэнс? Мяне скарацілі на працы праз гэтую гісторыю, органы апекі пачалі цікавіцца ўмовамі пражывання дзіцяці… І гэтыя 30 базавых… Вось адкуль мне грошы браць цяпер? Працу знайду, вядома. Але мне, што, цяпер у дзіцяці адбіраць грошы і плаціць суду ў якасці кампенсацыі выдаткаў?” — кажа Дыяна Сяльванава. На развітанне раіць быць больш асцярожнымі ў сацсетках. “А то здарыцца, як са мной”.