Будзімір: Пачаў выходзіць на вуліцу "харчавацца" сонейкам і паветрам
Вядомы блогер сёння галадае ўжо 13-ы дзень.
Блогер Будзімір (Зміцер Галко) працягвае галадоўку ўжо 13-ы дзень. Нагадаем, ён галадае на знак салідарнасці з палітвязнем Мікітам Ліхавідам, патрабуе адмены прысуду — 3,5 года калоніі строгага рэжыму. Еўрарадыё пагутарыла з Будзімірам у жывым эфіры.
Будзімір: “Адчуваю сябе, падаецца, няблага, але, калі заседжвацца вечарам, як я звычайна любіў, тады пачынаюцца пэўныя праблемы з сэрцам. Калі кладзешся спаць пазней, чым трэба. А так, нічога, трымаюся, нават на вуліцу пачаў выходзіць. "Харчавацца" сонейкам і паветрам”.
Еўрарадыё: Ці ты вызначаў для сябе, да якога дня будзеш галадаць?
Будзімір: “Безумоўна, я буду трымацца да перагляду прысуду Мікіце. І вельмі спадзяюся, што змагу паўплываць на яго”.
Еўрарадыё: Ці звярталіся да цябе нейкія афіцыйныя асобы?
Будзімір: “Не, ні ад уладаў, ні ад апазіцыі ніхто да мяне больш не звяртаўся. Адзін толькі Ўладзімір Мацкевіч”.
Еўрарадыё: Як ты лічыш — гэта абыякавасць нейкая, як гэта можна разумець?
Будзімір: “Я не належу ні да якіх стуктураў, ні да якіх групаў. Я нават не выказваю погляды блізкія якой-небудзь партыі… Мажліва таму. А блогер… Хто такі блогер, яны не ведаюць…”.
Еўрарадыё: Як твае родныя ставяцца да твайго ўчынку?
Будзімір: “Натуральна, што яны перажываюць. Яны не патрабуюць ад мяне “кінуць дурное” — такога няма. Яны мяне хутчэй падтрымліваюць. І разумеюць мае патрабаванні і падзяляюць іх”.
Еўрарадыё: На колькі кілаграмаў ты за гэтыя 13 дзён пахудзеў?
Будзімір: “У мяне вагаў дома ніколі не было. Візуальна так, “здуўся”. Гэта бачна па фатаздымку”...
Еўрарадыё: Ці цябе не насцярожваюць праблемы з сэрцам, можа ты звяртаўся да дактароў?
Будзімір: “Я не ўпершыню пра сэрца даведаўся. І раней былі праблемы. Нават зараз яны зменшыліся. Па кансультацыю не звяртаўся. Мне пэўныя асобы нават прапанавалі калі-што дапамагчы з лекарам і я гэта зраблю, калі будзе патрэбна”.
Фота — nn.by