Бягуха Аліна Талай перамагла на міжнародным турніры ў Манчэстары
Беларуская бягуха Аліна Талай перамагла на міжнародным турніры Great City Games у брытанскім Манчэстары. У забегу на 100 м з перашкодамі яна паказала вынік 12,74 сек. На другім месцы — нарвежка Ізабэль Педэрсэн, на трэцім — брытанка Алісія Барэт.
Вынік, паказаны Алінай Талай, — адзін з найлепшых у беларускіх бягухаў у гэтым сезоне. 13 траўня ў французскім Манжэроне Эльвіра Герман прабегла такую самую дыстанцыю за 12,73 сек і ўсталявала асабісты рэкорд.
Як адзначаюць у Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, беларускія бар’ерысткі ў траўні паказалі найлепшыя вынікі ў бегу на 100 м з перашкодамі ў Еўропе. Што да найлепшых вынікаў у свеце, то рэкорд сезона пакуль належыць Жасмін Камача-Куін з Пуэрта-Рыка, якая прабегла такую дыстанцыю за 12,40 сек.