Быць аграрыем усё даражэй: як змяніліся кошты на насенне за два гады
Калі вы збіраецеся стварыць аграімперыі, то лепш паспяшацца. З часам гэта патрабуе ўсё больш грошай / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пакуль улады рапартуюць пра аграпоспехі, беларусы працягваюць акучваць свае агароды на лецішчах і прысядзібных участках. Для некага гэта спосаб развеяцца, а для некага — магчымасць зэканоміць ці нават зарабіць. Аднак весці сельскую гаспадарку самастойна — гэта таксама выдаткі. Прычым яны растуць з кожным годам.
Паводле падлікаў Еўрарадыё, з вясны 2021 года цэны на насенне выраслі амаль на 58%. А намінальныя заробкі беларусаў, гэта значыць, без уліку інфляцыі — толькі на 28%.
Мы сабралі насенны набор, з якім можна зрабіць мінімальны агарод. І палічылі, колькі такіх набораў мог бы купіць беларус вясной 2021 года і вясной 2023-га. А заадно паглядзелі, якое насенне падаражэла больш за ўсё.
Для падлікаў мы ўзялі кошты за травень 2023 года з інтэрнэт-крамы. Выбралі выпадковым чынам прадукты і знайшлі цэны на іх вясной 2021 года ў архіўнай версіі гэтай ж крамы.
Атрымалася, што больш за ўсё прыкладна за два гады падаражэла цыбуля-сеянка — у 2,5 раза. Кошт аднаго з гатункаў насеннай бульбы павялічыўся амаль на 66%, але ёсць гатунак, кошт якога зусім не змяніўся. Тое ж з перцам. Пакецік насення аранжавага перца зрабіўся даражэйшым на 63%, але можна знайсці гатунак, які каштуе як у 2021 годзе.
Калі скласці спіс, які прыведзены на графіку, то ў 2021 годзе такі набор каштаваў 19,6 рубля, а ў 2023 годзе — 30,9 рубля. Агульны кошт вырас на 11,3 рубля, ці амаль на 58%. Вядома, для агарода, якім можна выхваляцца, спатрэбіцца значна больш.
Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку склаў 1795,9 рубля, а ў красавіку 2021 года — 1398,2 рубля. Тут розніца амаль 400 рублёў, або 28%.
Выходзіць, кошты на насенне, саджанцы і клубні раслі нашмат хутчэй, чым заробкі. Увесну 2021 года за сярэдні заробак можна было купіць 71 такі набор, а ў траўні 2023 года — 58. Гэта значыць, на 13 менш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.