Былая кіраўніца ўпраўлення Мінюста асуджана на 8 гадоў зняволення

У сераду, 15 красавіка, Мінскі гарадскі суд агучыў прысуд на гучнай справе былых чыноўніц Міністэрства юстыцыі. Іх прызналі вінаватымі ў хабарніцтве. Галіна Грышкавец, былая кіраўніца ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Мінюста, асуджана на 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці, а таксама мусіць заплаціць штраф — 108 млн рублёў. Наталля Беразоўская, былая намесніца Грышкавец, атрымала 4 гады калоніі агульнага рэжыму і мусіць заплаціць 54 млн рублёў штрафу. Суд пастанавіў спагнаць неабгрунтавана атрыманую былымі чыноўніцамі выгаду — больш за 300 млн рублёў. У кошт пагашэння сумы ў Грышкавец забяруць кватэру і машыну, у Беразоўскай — аўтамабіль, інфармуе БЕЛТА.

Мужчына, які перадаваў хабар, атрымаў 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Яшчэ адзін фігурант справы за дапамогу ў перадачы хабару атрымаў 4 гады абмежавання волі, таксама без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

Як у Мінску судзілі былых чыноўніц Мінюста (фота, відэа)

Нагадаем, Грышкавец і Беразоўская былі затрыманыя супрацоўнікамі КДБ у жніўні 2013-га падчас атрымання хабару (1000 долараў). Відэа затрымання было паказана па нацыянальных тэлеканалах. На ім відаць, што рукі начальніцы ўпраўлення Мінюста ў кайданках. Былых чыноўніц абвінавацілі ў "атрыманні хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры" (ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Яны правялі ў "амерыканцы" (СІЗА КДБ) ужо паўтара года.

Затрыманыя чыноўніцы пазбаўлялі ліцэнзій абаронцаў удзельнікаў Плошчы

Фота: БелаПАН, АНТ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі