Былога старшыню Іўеўскага райвыканкама асудзілі на шэсць гадоў турмы
Былы старшыня Іўеўскага райвыканкама асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такі вердыкт вынес суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Таксама былому чыноўніку забаронена цягам пяці год займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Вярхоўны суд, фігурант гэтай справы прызнаны вінаватым у наўмысным здзяйсненні службовай асобай дзеянняў, якія яўна выходзілі за межы яго службовых паўнамоцтваў. Гэта пацягнула нанясенне шкоды ў буйным памеры, істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.
Па амністыі былому чыноўніку скарацілі пакаранне на адзін год. У асуджанага забралі зямельны ўчастак з двума незавершанымі збудаваннямі.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Фота: finatica.by