Былы кіраўнік Нацбанка: Сёлета Беларусь можа застацца без ЗВР
Амаль увесь аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі можа быць сёлета накіраваны на пагашэнне знешніх даўгоў. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч. Ён нагадаў, што ў 2016 годзе Беларусі трэба выплаціць знешніх даўгоў больш чым на 3 млрд долараў.
Тым часам золатавалютныя рэзервы знізіліся амаль да пяцігадовага мінімуму. Па выніках снежня 2015 года яны скараціліся на 408,2 млн долараў і, паводле папярэдніх звестак, на 1 студзеня 2016 года склалі каля $4 млрд. Такім чынам, значная частка ЗВР можа пайсці на пагашэнне знешніх даўгоў.
Паводле слоў Багданкевіча, такі варыянт развіцця падзей верагодны ў выпадку, калі Беларусь не атрымае новых знешніх запазычанняў. Як вядома, улады спадзяюцца на 3 млрд долараў ад Міжнароднага валютнага фонду.
Паводле слоў Станіслава Багданкевіча, у такой сітуацыі відавочна, што ўладам неабходная праграма рэформаў, пад якую можна было б атрымаць знешнія пазыкі. Яшчэ адным выйсцем магла б стаць рэалізацыя актываў, што належаць дзяржаве, але кошты на іх цяпер вельмі моцна ўпалі.