Былы прэм'ер Сяргей Румас патлумачыў, што робіць ва Украіне
Былы беларускі прэм'ер Сяргей Румас патлумачыў TUT.by, што робіць ва Украіне. Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што ён пераехаў з Лондана ў Кіеў, дзе яго бачылі і нават сфатаграфавалі.
"Так, сапраўды, я прыляцеў у Кіеў, — кажа Румас. — Але ніякай канспіралогіі — гэта паездка звязана з тымі праектамі, аб якіх я гаварыў раней".
Па словах Сяргея Румаса, "аб пераездзе ва Украіну гаворкі не ідзе". У той жа час ён не стаў каментаваць неафіцыйную інфармацыю пра ператрус у яго мінскім доме.
У сакавіку з'явілася інфармацыя, што Румас трапіў у "спіс кандыдатаў для абрання ў якасці прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі ў назіральны савет і рэвізійную камісію акцыянернага таварыства "Расійскі Сельскагаспадарчы банк" (г. Масква)". Распараджэнне падпісаў прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін. Высветлілася, што ў выніку кандыдатуру экс-прэм'ера ў назіральны савет не зацвердзілі.
Сяргею Румасу 51 год. Ён — кандыдат эканамічных навук. З 2012 года быў старшынём праўлення Банка развіцця, пасаду прэм'ер-міністра Беларусі займаў у жніўні 2018-га — чэрвені 2020 года, кіраваў Беларускай федэрацыяй футбола. У пачатку лютага 2021-га з'явілася інфармацыя пра "знікненне" Румаса, якое звязвалі з затрыманнем групы банкіраў. Тады і высветлілася, што ён знаходзіцца ў Лондане ў сына, "жывы, не арыштаваны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.