Былы віцэ-прэзідэнт КХЛ: Сітуацыя з Беражковым не спрыяе іміджу КХЛ

Уладзіміра Беражкова затрымалі ў пятніцу 14 жніўня, за дзень да гэтага ён перастаў выконваць абавязкі генеральнага хакейнага дырэктара клуба “Дынама-Мінск” і быў звольнены. Супраць Беражкова распачатая справа за “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”, яго падазраюць у прысвойванні мінімум 45 мільёнаў рублёў. 17 жніўня следчымі было прынята рашэнне пакінуць былога гендырэктара пад вартай. На просьбу Еўрарадыё сітуацыю пракаментаваў Уладзімір Таржкоў, які да канца мінулага года быў віцэ-прэзідэнтам КХЛ:

“Я даведаўся пра арышт Беражкова ў адпачынку. Вельмі непрыемна здзіўлены гэтым. Спадзяюся, што ўсё вырашыцца ў лепшы бок. І я спадзяюся, што кіраўніцтва КХЛ знойдзе магчымасці правесці ўласнае расследаванне сітуацыі. І калі магчыма, калі гэта рэальна, дапамагчы Уладзіміру Беражкову, як аднаму з вядомых менеджараў хакейнай лігі. Ёсць жа і карпаратыўныя ўзаемаадносіны. Спадзяюся, КХЛ палічыць магчымым дапамагчы Беражкову ў гэтай няпростай справе”, — гаворыць Таржкоў.

На думку былога функцыянера, справа з затрыманнем Уладзіміра Беражкова для яго асабіста выглядае вельмі дзіўна.

“Сума, пра якую ідзе гаворка, насамрэч дастаткова смешная. З улікам фінансавай сітуацыі ў Мінску, з улікам таго, колькі Беражкоў зарабляў у “Дынама” штомесяц. Гэта выглядае як вельмі дзіўная і своеасаблівая справа. Дэталяў я не ведаю, аб іх мне цяжка гаварыць… Асабістыя мае ўражанні: Уладзімір Беражкоў ― гэта шчыры і кваліфікаваны спецыяліст, які займаецца сваёй справай. Чыста па чалавечы я вельмі моцна спачуваю яму ў гэтай сітуацыі. І мне падаецца, што іміджу КХЛ і хакея ў цэлым гэта не спрыяе. Увогуле гэта сумная гісторыя”, — мяркуе Уладзімір Таржкоў.

Па вяртанні ў Маскву з адпачынку Таржкоў збіраецца атрымаць больш інфармацыі па справе Уладзіміра Беражкова, а таксама звязацца з яго роднымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі