“Быў загад спыніць іх раздачу”: крамы адмаўляюцца ад георгіеўскіх стужак
“Еўраопт” так і не пачаў анансаваную акцыю “Георгіеўская стужка”, а ў “Прасторы” іх перасталі раздаваць пасля загаду кіраўніцтва.
“Без каментарыяў. Таму што можа быць шмат негатыву па гэтым пытанні. З учарашняга дня ўсе тэлефануюць, пытаюць…” ― расказваюць у рэкламным аддзеле гандлёвай сеткі.
Як даведалася Еўрарадыё, акцыя “Георгіеўская стужка”, анансаваная гандлёвай сеткай 6 траўня, не адбудзецца. Напярэдадні “Еўраопт” абвясціў пра набор валанцёраў для раздачы стужак. Іх праца ацэньвалася ў 25 тысяч рублёў за гадзіну. Падобныя акцыі гандлёвая сетка ладзіла і ў папярэднія гады. Аднак тады рэкламны ход “Еўраопта” не выклікаў такога рэзанансу, як сёлета.
Знікае памаранчава-чорная сімволіка і з будынка ГУМа. Шыльда з георгіеўскай стужкай засталася толькі над уваходам ― сцяжкі, вывешаныя на карнізе па перыметры будынка, замяняюць на чырвона-зялёныя з нейтральным надпісам “Са святам!”.
Сетка супермаркетаў “Прастор” раздаваць чорна-памаранчавыя стужкі сваім пакупнікам стала адной з першых. Аднак за два дні да 9 траўня ў адной з крам Еўрарадыё гавораць, што перасталі гэта рабіць. Прычына ― загад кіраўніцтва.
“Пакуль не раздаём. Спынілі па распараджэнні кіраўніцтва. Магчыма, у будучым адновім раздачу георгіеўскіх стужак… Прычын не ведаю, не скажу вам. Проста быў загад ― спыніць”.
Але святочныя плакаты з георгіеўскімі стужкамі пабачыць у Мінску яшчэ можна. На ўчастку праспекта Незалежнасці ад аднайменнай плошчы да плошчы Кастрычніцкай іх некалькі ― на шыбах адной з кавярняў і ў кнігарні. Калі тэмпы знікнення георгіеўскай сімволікі ў Мінску захаваюцца, то пабачыць гэтыя стужкі хутка можна будзе толькі на аўтамабілях з расійскімі нумарамі.
Чытайце таксама “Белая Русь” і БРСМ: Георгіеўскія стужкі выкарыстоўваць не будзем