У Расіі школьнікаў вучаць, што мужчына павінен жаніцца з нявінніцай
У расійскай Кубані вучням восьмага класа адной з школаў паказалі фільм пра тое, што дзецям перадаюцца гены першага палавога партнёра маці — нават калі бацькам стаў іншы мужчына. Як піша meduza.io, дырэктар школы не бачыць “нічога крымінальнага” ў фільме, які супярэчыць навуковым даследаванням.
Аўтары фільма сцвярджаюць, што ў маральнай дэградацыі расійскай моладзі вінаватыя ЗША. Маўляў, яны прапагандуюць феміністычныя і ЛГБТ-каштоўнасці. У выніку зніжаецца ўзрост пачатку палавога жыцця ў дзяўчат.
Дзяўчат, якія мелі розных палавых партнёраў, у фільме называюць сметнікам “з прымессю генаў ад усіх яе мужчын”. Мужчынам прапануюць не заводзіць адносінаў з дзяўчатамі, якія ўжо мелі сэкс. “Мужчына, які заводзіць дзяцей не з нявінніцай, — раганосец”, — гаворыцца ў фільме.
Таксама сцвярджаецца, што ў жанчыны павінен быць адзін мужчына на ўсё жыццё, а людзі павінны сустракацца толькі тады, калі яны вырашылі завесці дзяцей.
Фільм зняты на замову Фонду барацьбы за маральнасць. Гэтая арганізацыя раней ніколі не з’яўлялася ў навінах.