Царкву-помнік архітэктуры, якую разабраў святар, будуюць па новым праекце
У вёсцы Малыя Мурыны на Брэстчыне, дзе святар разабраў драўляную царкву 1760 года, цяпер будуюць новы храм, па новым праекце. У гэтай вёсцы 10 дамоў, 8 з іх — дачы. Царква ўваходзіла ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і была помнікам культавага драўлянага дойлідства.
Новы праект ўзгадніў Мінкульт
Першапачаткова, як даведваецца Еўрарадыё, Міністэрства культуры нават выдала прадпісанне: узнавіць царкву ў першапачатковым выглядзе.
Але пасля і знос, і новы праект у ведамстве ўзгаднілі
"Спачатку, калі мы даведаліся, што там пачаліся работы, то ёсць такая форма папярэджання, як прадпісанне. А пасля святар прыехаў у міністэрства, мы яму далі неабходныя кансультацыі. Ён запрасіў архітэктара, які зрабіў праект, і мы яго ўзгаднілі. Па праекце царква будзе амаль такая ж, дададуцца дзве прыбудоўкі, дзе можна трымаць царкоўную маёмасць. Мы паглядзелі, што гэта не дысануе", ― апісваюць у Мінкульце.
Штраф таксама ніхто не плаціў. А цяпер на месцы помніка архітэктуры 1760 года ўжо ёсць новы падмурак.
"Мінкульт узгадніў праектна-каштарысную дакументацыю. Па ёй меркавалася разабраць тую царкву, што была, і адбудаваць яе па новым праекце. Адзінае парушэнне, што працы пачаліся без дазволу Мінкульта. Але гэта адразу было вырашана. І Мінкульт узгадніў праект. Працы вядуцца, фундамент заліты. Старыя матэрыялы таксама будуць выкарыстоўвацца", ― тлумачаць у Брэсцкім аблвыканкаме.
Атрымліваецца, помнік архітэктуры разабралі без дазволу Мінкульта, а ўзгаднілі ўжо толькі па факце.
За занядбаны стан і знос помніка ніхто не адказаў
Айцец Валянцін сцвярджае, што была небяспека, што царква рухне падчас службы.
"Гэта важная тэма, на капліцах шмат бірак, што гэта каштоўнасць. Але калі храм развальваецца, то што рабіць. Чатыры гады я там служу. Калі нейкі вецер моцны, то страшна, ці будзе стаяць тая царква. Яна аварыйная была. Калі б на каго упала, то спыталіся б з мяне. Калі разбіралі, я фатаграфаваў. Там страшная карціна была. У адным месцы не было кута, вынесла кут", ― апісвае айцец Валянцін.
А хто наогул адказвае за старыя помнікі
Тэарэтычна, дрэнны стан будынка ― гэта адказнасць мясцовых уладаў, а не святара. Чытаем закон. Невыкананне патрабаванняў ахоўных абавязальніцтваў у дачыненні да гісторыка-культурнай каштоўнасці ― штраф ад 8 да 25 базавых велічынь (ад 1,4 да 4,5 мільёна).
Таксама за парушэнне закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ёсць крымінальная адказнасць: "хімія" ці абмежаванне волі на 3 гады.
"Чыноўнікі не рэагуюць на парушэнні. Мясцовае ўпраўленне міліцыі адмовілася распачынаць крымінальную справу. Маўляў, дакументацыя ўзгодненая. Мы будзем далей звяртацца, каб зноў праводзілі праверку", ― кажа кіраўнік Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Так выглядае разабраная царква. На галоўным фота царква ў Малых Мурынах яшчэ цэлая.
Фота: radzima.org, racyja.com