Чалы: Заява пра жыраванне банкаў — рытуальны заклік
Так вядомы эканаміст пракаментаваў сённяшні выступ Аляксандра Лукашэнкі.
Як паведамляла Еўрарадыё, на нарадзе па эканоміцы 11 лістапада Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся наконт банкаў. Ён запатрабаваў "прычасаць усе банкі пад адзін грэбень" і не даць ім жыраваць. Нібыта, банкі бяруць грошы пад 15-20% а потым прадаюць іх яшчэ на 15-20% даражэй.
Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што не ўсё так вясёлкава выглядае з боку банкаў:
Чалы: "Дэпазіты насельніцтва — гэта якраз адна з самых дарагіх крыніц папаўнення пасіваў. Не дзіўна, што дэпазіты насельніцтва ператвараюцца ў крэдыты таму ж насельніцтву пад значна больш высокія адсоткі. А што датычыць крэдытаў для камерцыйных прадпрыемстваў, то там і так ужо існуе адміністрацыйна ўсталяваная Нацбанкам столь па адсоткавых стаўках, па якіх можа адбывацца крэдытаванне".
Па словах эксперта, банкі рабілі б меншы адсотак для крэдытаў, каб былі ўпэўненыя ў іх вяртанні. А сёлета наадварот яны шукаюць надзейных заёмшчыкаў.
З іншага боку, адзначае Чалы, заклікі спыніць жыраванне банкаў гучаць ужо не першы раз. Прыкладна год таму Лукашэнка заклікаў прыструніць камерцыйныя банкі. Аднак тады банкі праігнаравалі гэтыя заклікі:
Чалы: "Я думаю, што і Нацбанк цудоўна разумее, што ёсць межы, ніжэй за якія няма сэнсу рухацца. З аднаго боку, гэта з'яўленне занадта танных беларускіх рублёў, якія апынаюцца на валютным рынку і аказваюць ціск на фінансавую стабільнасць. А з другога боку, гэта падрыванне ўстойлівасці гэтых самых камерцыйных банкаў".
Таму заклікі Лукашэнкі наконт банкаў Чалы ацэньвае як рытуальныя.