Чаму антыеўрапейскія партыі робяцца ў Еўропе ўсё больш папулярнымі?
У якасці прычын, па якіх людзі сімпатызуюць еўраскептыкам, называюць эканамічны крызіс і хвалю мігрантаў.
Верагоднасць “вялікай перамогі” еўраскептыкаў на выбарах у Еўрапарламент расце з кожным днём. Выбары адбудуцца ў наступным годзе. Часопіс BusinessWeek спрабуе разабрацца, чаму еўрапейцы ўсё больш сімпатызуюць правым і ўвогуле антыеўрапейскім партыям.
Апошнім часам еўраскептыкі атрымалі некалькі “малых перамог”. Напрыклад, правы Нацыянальны фронт у Францыі ўпэўнена перамог на мясцовых выбарах у правансальскім горадзе Брыньёль.
BusinessWeek: “Гэтыя вынікі разам з адраджэннем антыеўрапейскіх партый у Вялікабрытаніі і Германіі даюць падставы меркаваць, што праціўнікі ЕС і валюты еўра могуць вельмі актыўна праявіць сябе на выбарах у Еўрапарламент у траўні наступнага года”.
Сапраўды, у еўрапейскіх правых, якія ў прынцыпе і развіваюць антыеўрапейскія настроі, вялікія планы. Нядаўна Марын Ле Пэн, лідар французскага Нацыянальнага фронту, заявіла пра планы аб’яднаць правых з розных краін Еўропы, каб пасля разам ісці ў Еўрапарламент.
Адкуль такая нелюбоў да аб’яднанай Еўропы? Першае, што прыходзіць у галаву, — эканамічны крызіс, праз які скарачаюцца заробкі і губляецца праца. Прыкладна такога меркавання прытрымліваецца міністр фінансаў Францыі П’ер Маскавічы, калі верыць Reuters.
Reuters: “П’ер Маскавічы заявіў, што Еўропа мусіць надаваць першачарговае значэнне скарачэнню дэфіцыту, калі хоча аслабіць антыеўрапейскі рух напярэдадні выбараў у Еўрапарламент. Ён заявіў, што ЕС ужо перажыў экзістэнцыйны крызіс, які пагражаў абрушыць адзіную валюту, але цяпер сутыкнуўся з крызісам, які выцякае з адсутнасці эканамічнага росту і высокага ўзроўню беспрацоўя”.
Але іншыя эксперты, як Мэццю Гудвін з Універсітэта Нотынгема (Вялікабрытанія), кажуць, што эканоміка тут ні пры чым. Хутчэй, інстытуцыі ЕС губляюць давер еўрапейцаў самі па сабе. А таму і выбары ў Еўрапарламент шмат хто не ўспрымае сур’ёзна.
Мэццю Гудвін: “Рэальнасцю еўрапейскай палітыкі з’яўляецца тое, што большасць выбаршчыкаў непрыязна ставяцца да іміграцыі, асабліва ў такіх краінах, як Вялікабрытанія, Францыя і Аўстрыя”.
Тое, што ў Еўропе стаміліся ад мігрантаў, пацвярджае і нядаўняе сацыялагічнае апытанне. 83% брытанцаў, 73% немцаў і 72% французаў выступаюць супраць права прыезджых на дапамогу.
Але пры ўсім гэтым выданне EUobserver раіць не перабольшваць пагрозу ад антыеўрапейскіх і правых партый. Пры любым выніку яны, хутчэй за ўсё, атрымаюць меншасць у Еўрапарламенце ў параўнанні з асноўнымі партыямі. Якім, дарэчы, трэба больш удумліва пралічваць сваю стратэгію, каб задаволіць патрэбы еўрапейскага выбаршчыка.
Фота: Katarina Stolz / Reuters