Чаму беларусы марудзяць з прыватызацыяй?
У краіне дагэтуль засталося 8% непрыватызаванага жылля. Калі да 1 ліпеня 2016 года “ўладальнікі” гэтых кватэр нічога не зробяць, ім прыйдзецца плаціць за арэнду, жыллё пяройдзе ў статус камерцыйнага.
Ці сапраўды прыватызаваць больш выгадна, чым арэндаваць?
Жыхары дома 1980 года пабудовы ў аграгарадку Брэсцкай вобласці з прыватызацыяй не спяшаюцца. Схамянуліся толькі цяпер, і тое не ўсе.
“Калі раней была прыватызацыя, нам паставілі такую ўмову: або ўсе прыватызуйце, або ніхто. Мы ж не ведалі, што калісьці нас будзе чакаць арэндная плата, мы ж гэтага нічога не ведалі, таму ніхто і не прыватызаваў”, — распавядае пенсіянерка Галіна.
Для сваёй двухпакаёўкі плошчай каля 48 квадратных метраў гаспадыня ацэншчыкаў яшчэ не запрашала. Але даведалася, колькі каштуе прыватызацыя трохпакаёўкі ў тым жа доме:
“Пазваніла сваёй суседцы, яна гаворыць, што ўжо некалькі чалавек з нашага дома прыватызуюць кватэры. Ведаю, што трохпакаёвая кватэра каштуе 58 мільёнаў рублёў”.
Плата за прыватызацыю двухпакаёўкі — 108 тысяч за месяц, арэнда — 520
Вялікую суму трэба выплаціць толькі спачатку — 10% ад кошту. Астатняя разбіваецца на роўныя часткі, якія выплачваюцца цягам 40 гадоў. То бок, штомесяц за трохпакаёўку ў гэтым доме трэба будзе выдаткоўваць 108 750 рублёў. Прычым, гэтая сума не мяняецца, нягледзячы на інфляцыю або курс долара.
Гаспадыня двухпакаёвай кватэры пакуль не ведае, колькі будзе плаціць з 1 ліпеня за арэнду, калі не здзейсніць прыватызацыю. Высветліць гэта ў абаненцкім аддзеле ЖКГ таксама аказалася немагчыма — цяпер кошты пераглядаюць у сувязі з павышэннем базавай.
“Мы за студзень нічога не ведаем, а вы хочаце, каб ведалі за ліпень. На сёння цёмны лес навокал”.
Для прыкладу, у Смаргоні пры старой базавай, роўнай 180 000, арэнда двухпакаёўкі абыходзілася ў 520 000.