Чаму эвакуацыйныя выхады ў мінскіх гандлёвых цэнтрах зачыненыя?

Чаму эвакуацыйныя выхады ў мінскіх гандлёвых цэнтрах зачыненыя?

Аляксандр Лукашэнка даручыў МНС правесці праверку ўсіх гандлёвых цэнтраў у Беларусі да канца сакавіка, то бок, за пяць дзён. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі распавёў Еўрарадыё, што супрацоўнікі правераць каля 300 аб’ектаў.

Прычынай стала трагедыя ў гандлёвым цэнтры “Зімовая Вішня” у расійскім горадзе Кемерава, дзе ў выніку пажару загінула больш за 60 чалавек, і яшчэ прыкладна дзесяць лічацца зніклымі без вестак. Па папярэдніх дадзеных, эвакуацыйныя выхады былі зачыненыя і шмат хто з-за гэтага не змог выбрацца з будынка.

Еўрарадыё вырашыла прайсціся па папулярных гандлёвых цэнтрах у Мінску і паглядзець, як там сітуацыя з запаснымі выхадамі.

“Сталіца”

У “Сталіцы” на кожным паверсе па два эвакуацыйныя выхады, размешчаныя ў сярэдзіне гандлёвых шэрагаў. Аднак праз іх не выйсці — яны зачыненыя на электрамагнітныя замкі. Побач з дзвярыма чырвоным гарыць электронны замок, указваючы, што дзверы зачыненыя.

Чаму эвакуацыйныя выхады ў мінскіх гандлёвых цэнтрах зачыненыя?
Фота: Еўрарадыё

“Галілеа”

У “Галілеа” на кожным паверсе не менш за тры эвакуацыйныя выхады. Яны таксама зачыненыя на электрамагнітныя замкі. Праходу няма.

Dana Mall

З аднаго боку будынку ўсе дзверы зачыненыя на электронныя замкі і пазначаныя як “Службовыя”. З іншага боку ў напаўцёмных калідорчыках драўляныя дзверы без пазначэння. Частка з іх зачынена на электрамагнітныя замкі. Атрымалася знайсці адчыненыя дзверы. За імі — цемра лесвічных пралётаў. Прайшоўся па гэтай лесвіцы — дзверы на іншыя паверхі былі замкнёныя. Выйсці можна толькі на вуліцу.

Чаму эвакуацыйныя выхады ў мінскіх гандлёвых цэнтрах зачыненыя?
Фота: Еўрарадыё

"На кожны выпадак трэба глядзець праект, — тлумачыць Віталь Навіцкі. — Калі гэта адпавядае праекту, дык праблемы няма. Ёсць розныя тэхналагічныя рашэнні. Галоўная ўмова, якая павінна быць выкананая, каб падчас эвакуацыі ўсе патрэбныя выхады былі адкрытыя. А якім чынам гэта дасягаецца — выбірае ўласнік".

Што аб гэтым гаворыцца ў заканадаўчых актах?

У дэкрэце №7 ад 23 лістапада 2017 года ў дадатку №3, частка “Патрабаванні па забеспячэнні эвакуацыі пры пажары”:

Пункт 48. Замкі на дзвярах, размешчаных на шляхах эвакуацыі, павінны забяспечваць магчымасць іх вольнага адчынення знутры без ключа.

Пункт 49. У выпадках неабходнасці замкоў на дзвярах дапускаюцца электрамагнітныя замыкальнікі, якія спрацоўваюць уручную, дыстанцыйна і аўтаматычна — ад абсталявання пажарнай аўтаматыкі.

Верагодна, акурат такія замкі, пра якія вядзецца гаворка ў пункце 49 дэкрэта, мы і пабачылі ў мінскіх гандлёвых цэнтрах. Але атрымаць аператыўныя тлумачэнні ад супрацоўнікаў ГЦ Еўрарадыё не змагло — усе ўстрымліваюцца ад каментароў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі