Чаму Германія адмаўляецца ад сваёй глабальнай ролі?
Пакуль увесь свет хваліць Германію і глядзіць у яе бок, самі немцы бянтэжацца ад кампліментаў.
Некалькі месяцаў таму па выніках апытання, праведзенага BBC, Германію назвалі самай папулярнай краінай у свеце (было апытана больш за 26 тысяч чалавек з 25 краін). Карэспандэнт выдання ў Берліне Стэфан Эванс сказаў тады, што такія вынікі сталі магчымымі дзякуючы добрасумленнай нямецкай дыпламатыі. Але разважанні аб Германіі Ульрыха Фіхтнэра на старонках Der Spiegel крыху не вяжуцца са статусам самай папулярнай краіны. Ён разбіраецца, чаму Германія адмаўляецца ад сваёй глабальнай ролі.
Ульрых Фіхтнэр: “Свет чакае Германію. Але выказванні міністра замежных спраў Польшчы Сікорскага аб тым, што ён больш баіцца бяздзейнасці Германіі, чым яе моцы, нас пужаюць. Калі Абама заклікае Германію заняць вядучыя пазіцыі ў свеце, мы спадзяемся, што ён не думае так насамрэч. Мы, немцы? Праявіць уладу? Прыняць меры? Узяць лідарства?”
Адной з прычынаў часам сціплых паводзінаў Германіі журналіст называе складаную гісторыю, асабліва ў перыяд 1933-1945 гадоў.
Ульрых Фіхтнэр: “Германія, магчыма, вырашыла ніколі больш не станавіцца галоўнай сілай. А замест гэтага — як-небудзь растварыцца ў вялікім, шырокім Захадзе і ў многіх рознабаковых арганізацыях”.
Сапраўды, усю сваю магутнасць нямецкія палітыкі выкарыстоўваюць не для “знешніх разборак”, а толькі калі пад пагрозай знаходзяцца інтарэсы іх суграмадзян. Напрыклад, Германія не прэтэндуе на навядзенне парадку ва ўсім свеце, а разважліва аддае ініцыятыву ў сірыйскім пытанні Францыі, для якой міжземнаморскія рэаліі больш блізкія (за што яе, дарэчы, шмат крытыкуюць). Яшчэ адзін прыклад — крызіс еўра, калі праз “жорсткую эканомію” краіна нажыла сабе шмат нядобразычліўцаў і нават ворагаў. Паказальна, што ў апытанні BBC з усіх 25 краін да Германіі негатыўна ставяцца толькі ў Грэцыі. Але тыя ж, хто крытыкуе, ніколі не адмаўляюцца ад нямецкай працы — як грэкі альбо іспанцы, якія па дзевяць гадзін стаяць у чарзе, каб запісацца на курсы нямецкай мовы.
“Амаль 300 чалавек стаялі ў чарзе па дзевяць гадзін побач з Інстытутам Гётэ ў Валенсіі ў панядзелак, спадзяючыся запісацца на курсы нямецкай мовы, — піша The Local. — Яшчэ ў траўні Германія пагадзілася прадаставіць прафесійнае навучанне і працоўныя месцы для маладых іспанцаў, што губляюць працу з-за крызіса”.
На дадзены момант Германія з’яўляецца адным з лідараў у свеце амаль па ўсіх аспектах: вытворчасць, эканоміка, культура. Але калі гаворка заходзіць пра знешнюю палітыку, то, як піша Ульрых Фіхтнэр, Германія больш падобная на мяккага гіганта, які “глядзіць у люстэрка і па-ранейшаму лічыць сябе шэрай мышкай”. Хаця гэта ўжо даўно не так.
Варта дадаць, што беларусы таксама шчыра вераць у “нямецкую мару” і традыцыйна называюць Германію найбольш пажаданай краінай для эміграцыі.