Чаму імпарт з Казахстана паніжаецца, нягледзячы на Мытны саюз?

У 2012 годзе аб'ём гандлю Беларусі з Казахстанам вырас на 14,5%, — такія вынікі прагучалі на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін у Астане. Праўда, у 2013 годзе таваразварот знізіўся.
 
Аб'ём імпарту з Казахстана ў першым квартале 2013 года на 44% меншы, чым за той жа перыяд 2012 года. Экспарт ніжэйшы амаль на 17%.
 
"Думаю, што гэта першы квартал такі цяжкі атрымаўся. Пагаршэнне кан'юнктуры ў Расіі, галоўным рынку Беларусі і Казахстана", — кажа эканамічны аналітык Сяргей Чалы.
 
Але, калі параўнаць імпарт тавараў у Беларусь з Казахстана, пачынаючы з 2010 года, то ён таксама пастаянна змяншаўся. І гэта нягледзячы на ўступленне ў Мытны саюз.
 
2010 год, імпарт — 405,8 мільёна долараў, 2011 год — 137 мільёнаў долараў, 2012 год — 118 мільёнаў. Пры гэтым экспарт беларускіх тавараў у Казахстан павялічваўся — 674 мільёны ў 2011 годзе і 805,9 мільёна долараў у 2012. Таму ў сярэднім таваразварот вырас.
 
"У нас 2012 год была свядомая палітыка скарачэння імпарта. Я думаю, што гэта яшчэ і вынік дэвальвацыі, бо па коштавых параметрах імпарт стаў даражэйшы", — кажа Сяргей Чалы.
 
А наш экспарт пасля дэвальвацыі патаннеў, таму і падрос, — пацвярджае гэтую версію аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Астане Раман Абаленскі.
 
"Беларускі экспарт істотна вырас, найперш, за кошт значнай дэвальвацыі валюты ў Беларусі ў 2009-2011 гадах. Гэта стварыла дадатковыя перавагі для беларускіх тавараў".
 
"Казахстан ніколі не быў для нас краінай актыўнага эканамічнага абарачэння. Мы туды маглі прадаваць малако і цукар, а закупляць металапракат, вырабы з металу і шыны. Зараз наменклатура мяняецца. На сённяшні дзень структура імпарту з Казахстана цалкам замяняльная, калі глядзець на бліжэйшае замежжа і кошты", — кажа эканаміст Леанід Заіка.
 
Таму трагедыі эксперт у зніжэнні не бачыць. Бо імпарт з Казахстана і так быў невялікі.
 
Павелічэнне ж імпарта з Казахстана ў 2010 годзе звязанае са зніжэннем паставак расійскіх нафтапрадуктаў. Беларусь замяніла іх на казахскія. Але ў 2011 годзе падпісала дамовы з Венесуэлай і Азербайджанам. Таксама, адзначае Раман Абаленскі, на зніжэнне паставак тавараў з Казахстана ў Беларусь паўплывала агульнае скарачэнне здабычы нафты ў Казахстане.
 
Імпарт з Расіі таксама знізіўся ў першым квартале 2013 года на 9,1%. Гэта ізноў можна спісаць на няўдалы пачатак года.
 
"Галоўны эфект Мытнага саюза, што ў нас павялічылася адмоўнае сальда з Расіяй. Таму што пачалі больш і лепш атрымоўваць энергетычных тавараў, а экспартам гэта не кампенсавалі. Затое палепшылі сальда з іншымі краінамі, якія не ўваходзяць у Мытны саюз", — кажа Сяргей Чалы.
 
Адмоўнае сальда з Расіяй па выніках 2012 года вырасла на 835,6 мільёна долараў.
 
 
Фота: centralasiaonline.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі