Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў

У кожнага свой гадзіннік

У кожнага свой гадзіннік / @rubanau_collage

Пару дзён таму журналісты з Альянса расследвальнікаў Беларусі заўважылі на руцэ прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант гадзіннік за 20 тысяч долараў. Прапаганда паспяшалася заявіць, што гэта не сапраўдны Rolex Datejust 31mm, а танная рэпліка. Але чаму тады “патрыятычная” Эйсмант не носіць прадукцыю беларускага завода “Луч”, якая каштуе прыкладна як падробленыя “Ролексы”?

Гадзіннік можа быць знакам статусу і прыкметай карупцыі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што носяць на руках іншыя публічныя беларусы: палітыкі, журналісты, палітолагі, актывісты, бізнесоўцы.

Святлана Ціханоўская

Лідарка беларускіх дэмсілаў карыстаецца Swatch Optical White, мадэль SYXS141. Гэта кварцавы гадзіннік, які каштуе 180 еўра.

“Набыла неяк у дзьюці-фры. Была вельмі ў той момант нечым засмучаная, стомленая — і вырашыла сябе парадаваць”, — пераказвае словы Ціханоўскай ейная прэс-сакратарка Ганна Красуліна.

Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў
Гадзіннік Святланы Ціханоўскай / Euroradio

Сама Ганна гадзіннікам не карыстаецца — сочыць за часам праз смартфон. “Жыву па часе Беларусь-2020 і Новая Беларусь”, — смяецца яна.

Аляксандр Лукашэнка і яго нявесткі

Беларускі аўтакрат пільна сочыць за сваім публічным іміджам бяссрэбраніка — яго гадзіннікі выглядаюць проста і кансерватыўна, без дадатковых механізмаў і аздаблення. Але каштуюць яны дорага. 

За Patek Philippe Calatrava 5120J, які Лукашэнку нібыта “падарыў Назарбаеў”, папросяць да 20 тысяч долараў. Столькі ж прыкладна каштуе яшчэ адзін ягоны гадзіннік — Vacheron Constantine з арыгінальнай зашпількай у выглядзе мальтыйскага крыжа. Яго Лукашэнка надзяваў летам 2015 года, падчас сустрэчы на агракамбінаце “Белавежскі”.

Жонка Віктара Лукашэнкі Лілія, мастацкая кіраўніца галерэі “АртХаос”, раздзяляе “гадзіннікавыя” густы цесця. Яна носіць залаты Patek Philippe 425J “Tegolino”, які каштуе 14,5 тысяч долараў. У калекцыі жанчыны ёсць і больш танная мадэль — Cartier Tank Solo, якую прадаюць за 8 тысяч долараў. 

Другую нявестку Лукашэнкі — Ганну Сялук — перыядычна бачаць з лімітаванай мадэллю Defy Midnight брэнда Zenith. Такі гадзіннік каштуе прыкладна 12 тысяч долараў.

Батл гадзіннікаў: Сяргей Чалы і Арцём Шрайбман

Два знаныя эксперты разыходзяцца не толькі ў бачанні беларускай сітуацыі, але і ў гадзіннікавых густах.

Незалежны аналітык і ютуб-вядоўца Сяргей Чалы аддае перавагу “разумнаму” гадзінніку Samsung Galaxy Watch 4 Classic, такі можна знайсці ў продажы за 230 еўра.

“Купіў два гады таму і нашу. Пазнейшыя мадэлі не падабаюцца па дызайне, — распавядае пра свой гадзіннік Сяргей Чалы. — Звычайны гадзіннік не мае сэнсу без апавяшчэнняў. А са свайго я яшчэ кірую плэерам на тэлефоне. І адсочваю сон”.

Арцём Шрайбман аддае перавагу класічнаму гадзінніку — аналітык носіць Tissot 1853. 

Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў
Гадзіннік Арцёма Шрайбмана / Euroradio

“Tissot з вядомых мне брэндаў на момант пакупкі [у 2015 годзе] быў адзіным, які я мог сабе тады дазволіць. Каштавалі [яны тады] каля 500 долараў”, — распавёў Еўрарадыё палітычны аналітык. 

Марыя Колесава-Гудзіліна

Адвакатка, якая абараняла ў судзе палітыка Сяргея Ціханоўскага і музыку Ціму Беларускіх, у пытанні наручных аксэсуараў падтрымлівае беларускі брэнд “Луч”:

“Я набыла ў Гомелі, таму што з ім пускалі ў СІЗА — і прызвычаілася”

Павел Латушка

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення гадзіннік носіць па строгім дрэс-кодзе — калі апрануты ў кашулю з гузікавымі абшэўкамі. У такія моманты на яго руцэ можна заўважыць кварцавую мадэль ад брэнда Flanko Watches. 

Раней яны каштавалі каля 100-150 долараў:

“Гэты гадзіннік  падарунак. Шчыра кажучы, я гадзіннікі ніколі не купляў і ўвогуле іх не нашу. Гэта адбываецца вельмі рэдка, калі ў мяне няма запанак. Тады я магу надзець гадзіннік, а магу і забыцца. Калі ёсць запанкі, то гадзіннік тады не будзе пасаваць”, — цытуе словы Латушкі выданне. 

Ігар Тур

Прапагандыст з АНТ падкі на дарагія гадзіннікі. Як і Наталля Эйсмант, прэс-сакратарка Лукашэнкі, у пул якога доўгі час уваходзіў Тур.

Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў
Гадзіннік Ігара Тура / edox.ch

Гадзіннік, які ён носіць, цяпер зняты з продажу, а раней каштаваў каля 1200 еўра. Гэта Edox Les Bemonts Automatic Shade of Time.

“Мне падабаецца, выбіраў паміж гэтымі шкілетонамі і Hamilton Jazzmaster Skeleton Auto. А наогул паклаў вока на Rado Anatom — вельмі прыгожыя”, — аддзначыў ён.

Роза Турарбекава

Экспертка па міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава мае кітайскі смарт-гадзіннік Amazfit. І ставіцца да гаджэта з цеплынёй.

“Муж падарыў на дзень нараджэння. Вельмі быў патрэбны для заняткаў фітнэсам. Сачу за сном і здароўем. Яму 4 гады. Ён быў са мной усе маршы ў 2020 годзе. Шмат дзясяткаў кіламетраў [адмералі]... Самы далёкі быў Партызанскі марш. Ён мне вельмі дарагі”.

Віктар Бабарыка

Палітык і палітвязень Віктар Бабарыка ў часы кіравання “Белгазпрамбанкам” меў калекцыю нятанных гадзіннікаў. Іх, як і ўсю яго маёмасць, прымусова прадалі з анлайн-аўкцыёна “БелЮрЗабеспячэнне”.

Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў
Patek Philippe Віктара Бабарыкі коштам 47 500 рублёў / "БелЮрЗабеспячэнне"

З малатка ў кастрычніку пайшлі Vacheron Constantin (за 48 829 рублёў) і больш дарагія Patek Philippe (за 52 560 рублёў).

Яшчэ раней, у верасні, распрадаліся больш танныя аксэсуары: Сorum, Harry Winston, IWC, Longlines, Montblanc, Zenith.

Аляксей Лявончык

Сузаснавальніка і кіраўніка фонда “By_Help” Аляксея Лявончыка крытыкі дэмсілаў стала спрабуюць абвінаваціць у карупцыі і нямэтавай траце грошай, але доказаў такіх дыструктыўных паводзін ніхто не прывёў.

Як і не знайшлося на руцэ ў Аляксея і дарагога гадзінніка — ім актывіст зусім не карыстаецца.

“Я проста не аматар. Я люблю ровары і кава-машыны”, — пажартаваў Лявончык у перапісцы з Еўрарадыё.

Наста Базар

Феміністка і нізавая актывістка Наста Базар звычайна карыстаецца смарт-гадзіннікам Apple Watch, бо так спакайней жыць:

“Важна, што ён электронны і прывязаны да тэлефона, бо выключыла гук і вібрацыю ў тэлефона яшчэ ў 2020 годзе. Асноўныя апавяшчэнні прывязала да гадзінніка, цяпер калі нехта тэліць ці піша (пазначаныя кантакты)  атрымліваю кароткае вібра на гадзіннік, і гэта шмат спакайней, чым тэлефон, які выдае гукі. А агулам люблю час, калі не трэба сачыць за часам”.

Франак Вячорка 

Дарадца Святланы Ціханоўскай у красавіку трапіў у гучнае абмеркаванне свайго гадзінніка Omega Seamaster Planet Ocean коштам прыкладна ў 5-9 тысяч долараў. 

Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў
Скандальны гадзіннік Франака Вячоркі / "Белсат"

Палітык расказаў, што аксэсуар яму падарыў сябар-бізнесмэн, але гэта адбылося да падзей 2020 года, і карупцыйнага складніка там не было. 

“Чалавек, [які дарыў] не жыве ў Беларусі, не вядзе там бізнесу, і ніяк гэта не звязана з лабіраваннем інтарэсаў”, — тлумачыў у фэйсбуку Вячорка, плануючы прадаць аксэсуар праз дабрачынны аўкцыён.

Аляксандр Кныровіч

Ютуб-блогер, палітык і бізнесоўца Аляксандр Кныровіч прызнаўся, што раней любіў стандартныя швейцарскія гадзіннікі брэндаў Tissot і Frederique Constant, сярод якіх была адна дарагая мадэль.  

“Цяпер, пасля СІЗА і калоніі, карыстаюся толькі электронным "разумным" гадзіннікам. І, на дадзены момант, гэта адна з мадэляў Xiaomi (Watch S1 Pro), коштам каля 250 долараў. Гэта падарунак блізкіх, і кожны раз, калі я гляджу на гадзіннік, я дзякую ім за клопат пра мяне”, — кажа суразмоўца. 

Зянон Пазняк

Палітыку і старшыні КХП-БНФ нядаўна споўнілася 80 гадоў. І цягам доўгага жыццёвага шляху Пазняк не згубіў пачуцця густу. Ён па-ранейшаму апранаецца хоць і стрымана, але выкшталцона.

Ад Swatch Ціханоўскай да Patek Philippe Лукашэнкі: гадзіннікі беларускіх віпаў
Зянон Пазняк і яго залаты (?) гадзіннік / "Радыё Рацыя"

Носіць ён і гадзіннікі. Адзін з такіх — прамавугольнай формы, залаты, быў заўважаны на ім у 2022 годзе, падчас наведвання студыі “Радыё Рацыя”. Што гэта была за мадэль і колькі яна каштуе? У нас вылічыць не выйшла.

Мікіта Мелказёраў

Стваральнік ютуб-шоў “Жыццё-маліна” і “Загляне сонца”, журналіст Мікіта Мелказёраў гадзіннікамі не карыстаецца. 

“Гадзіннік замяняе тэлефон. Калі цікава, гэта 13-ты iPhone. Узяў у Нью-Джэрсі ў trade-in, калі дзярждэп навучаў мяне на лялькавода.

У дзяцінстве я насіў гадзіннік свайго дзеда. Але ён быў мне завялікі. Пасля дзед падарыў нешта дзіцячае ад “Луча”. Яшчэ пазней цётка падарыла Tissot (ці нешта такое) ў гонар паступлення на журфак. Праз год зламаўся раменчык. Хітры майстра ў мінскім сэрвісе сказаў, што гэта не адрамантуеш, і замяніў на танную расцяжку. Думаю, арыгінальная дэталь пайшла на органы. Бог яму суддзя, таму майстру. Дурыць маладых і недасведчанык  нядобра”, — падзяліўся сваёй гісторыяй Мікіта.

Аляксандр Дабравольскі 

Палітык і старшы дарадца Офіса Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі мае тры гадзіннікі: класічную мадэль Tissot і два смарт-гадзіннікі.

“Samsung Galaxy Watch 3 — ён мне падабаецца, часам яго нашу, але ён патрабуе частай зарадкі. І кітайскі NoName — у ім ёсць усе патрэбныя мне функцыі, і ён трымае зарад больш за тыдзень. У асноўным нашу апошні”, — расказаў Дабравольскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі