Горшая за моду толькі нафтанка: беларуска развівае ў Берліне "павольны" брэнд

Калекцыя Алены Штайнке

Калекцыя Алены Штайнке / @rubanau_collage

Выкладчыкі дызайнеркі з Беларусі Алены Штайнке казалі пра тое, як модная індустрыя забівае навакольнае асяроддзе. Таму брэнд самой Алены прасоўвае філасофію slow fashion — "павольнай моды".

— Модная індустрыя па ўзроўні шкоды для навакольнага асяроддзя саступае хіба што нафтавай прамысловасці. Памятаю, як я ўпершыню паглядзела дакументальны фільм пра швейную вытворчасць "Сапраўдная цана" (True cost). Я ўбачыла кучы смецця, горы з абрэзкаў тканіны, якія плаваюць у рэках азіяцкіх краін.

І зразумела, што цана адзення насамрэч адрозніваецца ад той, якую мы бачым на цэнніках у крамах. За адзенне мы плацім яшчэ і нашай экалогіяй.

Я вучылася ў Берліне, Кіеве і Маскве і з першых жа месяцаў зразумела, што не хачу пладзіць кучы адзення, якія будуць выкідвацца праз дзень, я хачу рабіць іншую моду, якая патрабуе ўкладанняў, у тым ліку часавых.

Ці магчыма быць дызайнерам і не нашкодзіць прыродзе? І ці можна прасоўваць філасофію "слоў фэшн", апранаючыся ў мас-маркеце? Адказы — так і так.

 

“Я выразала з тканіны словы "Любоў уратуе свет”

Алена скончыла Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт, пераехала ў Берлін. Папрацавала перакладчыцай і выкладчыцай нямецкай мовы, але ёй хацелася чагосьці іншага. Ужо калі Алене было далёка за трыццаць, яна зразумела, што яе сапраўдная жарсць — ствараць вопратку.

Іняз даецца ў знакі: Алена шые вопратку са... слоў. Сваю першую калекцыю Love яна прысвяціла беларускім жанчынам, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Дызайнерка выразала з тканіны словы "Любоў уратуе свет" і шыла свае сукенкі з гэтых літар і лапікаў тканіны.

Хуже моды только нефтянка: белоруска развивает в Берлине “медленный” бренд
Калекцыя Алены Штайнке / фота суразмоўніцы Еўрарадыё

— Тое, што я раблю — у меншай ступені бізнес і ў большай — мастацтва. Я падыходжу да моды як да інструменту, які здольны ўздзейнічаць на свядомасць людзей, — расказвае Еўрарадыё дызайнерка. Працаваць як дызайнерка я пачынала ў 2021 годзе і не магла прайсці міма тэмы беларускіх пратэстаў. Мне хацелася звярнуць увагу еўрапейцаў на Беларусь, і я паказала ім сваю калекцыю, у якой увасобіліся мой боль і мае перажыванні.

Абрэзкаў тканіны ў Алены практычна не застаецца. Яна імкнецца працаваць у межах філасофіі "zero waste" — то-бок ніякіх адходаў. Абрэзкі ператвараюцца ў незвычайныя аксэсуары.

— Я працую на манекене, з гэтых пазасталых кавалачкаў тканіны скульптурным метадам ствараю ключавыя вырабы. Калі рэч гатовая, немагчыма зразумець, як і з чаго яна зробленая. Звычайна такія рэчы я і выстаўляю ў вітрыну — яны чапляюць вока.

У летняй калекцыі Алены будзе шмат лёну, у зімовай была поўсць. У пошуках тканіны яна заходзіць у "дэдстокі" — гэта крамы, у якіх можна купіць рэшткі тканін, якія замовілі, але не выкарыстоўвалі буйныя брэнды.

Хуже моды только нефтянка: белоруска развивает в Берлине “медленный” бренд
Калекцыя Алены Штайнке / фота суразмоўніцы Еўрарадыё

— Стараюся пазбягаць сінтэтычных тканін, якія доўга раскладаюцца і забруджваюць навакольнае асяроддзе. Часам купляю экалагічныя тканіны з сертыфікатам (іх яшчэ называюць "арганік" ці "бія"), але не кожны дызайнер можа дазволіць сабе такую тканіну. Выраб з яе будзе каштаваць нашмат даражэй за тое, да чаго мы прывыклі.

А яшчэ мне хацелася б уключыць у вытворчасць канапляныя тканіны. Я доўга вывучала гэтую тэму, але пакуль складана знайсці канапляныя тканіны еўрапейскай вытворчасці... А калі знаходзіш, аказваецца, што яны вельмі дарагія — у некалькі разоў даражэйшыя за лён.

 

Прадалі некалькі сукенак і перавялі грошы палітзняволеным жанчынам

Паглядзець на сукенкі беларускі можна ў шоуруме ў Берліне. Там выстаўляецца не толькі Алена, але і некалькі іншых брэндаў. Там жа дызайнеры працуюць над калекцыямі.

— Мае кліенты незвычайныя, бо незвычайнае і само адзенне. Трэба быць трошкі вар'ятам або вельмі творчым чалавекам, каб захацець яго надзець. Часта да мяне прыходзяць мастакі ці людзі, неяк звязаныя з модай.

Хтосьці заходзіць у шоурум, бо проста ідзе міма і бачыць у вітрыне незвычайную вопратку. Хтосьці знаходзіць мяне праз Instagram. Мой брэнд удзельнічаў і ў Тыдні моды ў Берліне.

Калі выйшла першая калекцыя, я пазнаёмілася з Беларускім жаночым фондам і з іх дапамогай зладзіла акцыю распродажу калекцыі для збору грошай у дапамогу беларускім жанчынам-палітвязням. Мы прадалі некалькі сукенак, а грошы перавялі нашым жанчынам.

Сваю другую калекцыю Алёна таксама прысвяціла Беларусі. Выйшла само сабой.

— Я пачала рыхтаваць гэтую калекцыю да пачатку вайны ва Украіне. У ёй было шмат вобразаў зямлістых адценняў — балотны зялёны, барвовы чырвоны, колер вады…

А калі нашы беларускія партызаны пачалі перашкаджаць руху вайсковых эшалонаў ва Украіну, я зразумела, што павінная прысвяціць ім гэтую калекцыю. І назвала яе "Beyond the fog "("У тумане").

Паказ Алены Штайнке

На паказе мы шмат увагі надалі гэтай тэме, выступала група Kriwi. У гэтым паказе ўдзельнічала і Ганна Канавалава (мама даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Антаніны Канавалавай) з Варшавы са сваім брэндам "Babulя" — я запрасіла яе, каб мы аб'ядналі намаганні і разам загучалі мацней. Тады сярод гасцей паказу былі не толькі беларусы, але і шмат замежнікаў — і немцы, і ўкраінцы.

Паказ Алены Штайнке

Як быць модным у Берліне?

Алена любіць разглядаць Берлін. Для яе гэта асаблівы і надзвычай модны горад. На вуліцах Берліна можна ўбачыць што хочаш: ад мас-маркета да вінтажных сукенак.

Адкрыць бізнес у такім горадзе нескладана — складана зрабіць так, каб ён выжыў.

— Каб зарэгістраваць брэнд або краму, трэба 10 хвілін. Зрабіць гэта можна анлайн, а заплаціць трэба 15 еўра. Сапраўдныя праблемы пачынаюцца, калі даводзіцца адказваць на пытанні: а дзе ўзяць інвестыцыі? а як плаціць падаткі?

Мне цяжка развіваць брэнд адной, без інвестыцый. Але я раблю тое, што люблю, і ўпэўненая, што ўсё атрымаецца, а на кожную рэч знойдзецца свой пакупнік. Да гэтага моманту так і было: кожная рэч знаходзіла свайго кліента.

З кім тут я канкурую? Ды ні з кім. Мая тэхніка ўнікальная. Ну хто яшчэ робіць вопратку са слоў? Гэта некамерцыйная гісторыя, Я проста раблю тое, што мне падабаецца.

І ўсё ж Алена хацела б адкрыць у Берліне ўласную краму і ўжо шукае будучых супрацоўнікаў.

 

Як купіць рэч у мас-маркеце, каб застацца ў межах "слоў фэшн"

Гардэроб самой Алены мінімалістычны, і падыход "слоў фэшн" зусім не значыць, што ў ім няма рэчаў з мас-маркета.

— Проста рэчы, якія я купляю, служаць мне доўга. Я абнаўляю гардэроб нячаста і добра даглядаю рэчы. Мне ўсё роўна, дзе набытая рэч — важна, колькі яна пражыве ў гардэробе.

Можна купіць яе ў краме, якая прадае экалагічнае адзенне, і выкінуць праз паўгода — і такі падыход будзе далёкі ад "слоў фэшн". А можна купіць рэч у мас-маркеце і насіць яе 10 гадоў. І калі хочаце стварыць для сябе экалагічны гардэроб, то думайце пра тое, як доўга гэтая рэч вам праслужыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі