Чаму мараторый Саўміна на кошты не кранае чыгунку, ЖКГ ды Белнафтахім
З павышэннем коштаў на паліва будуць разбірацца, лічыць прэс-сакратарка Мінгандлю.
1 студзеня 2015 года даражэюць электраэнергія, ацяпленне і газ. 11 студзеня уздымаюцца кошты квіткоў на міжнародныя цягнікі. 13 снежня на 5% вырастае цана на паліва. Усё гэта адбываецца нягледзячы на пастанову Савета Міністраў Беларусі “Пра некаторыя пытанні спажывецкага рынку”.
“Міністэрству эканомікі ўвесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій, а таксама суб'ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінантнае становішча на таварным рынку, без адпаведнага дазволу Урада Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў пастанаўленні №1207 за 19 снежня 2014 года.
Там жа забараняецца і рост рознічных коштаў на спажывецкія тавары. Пытанне да прэс-сакратаркі Савета Міністраў, ці даваліся дазволы на рост коштаў Міністэрству Жыллёва-камунальнай гаспадаркі, чыгунцы ды Белнафтахіму, ставіць яе літаральна ў тупік. Праз дзень Еўрарадыё атрымлівае адказ:
“У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 25.02.11 №72 рэгуляванне коштаў на нафтапрадукты знаходзіцца ў кампетэнцыі Белнафтахіма, — піша прэс-сакратарка саўміна Вольга Доўгая. — Тарыфы на міжнародныя чыгуначныя перавозкі рэгулююцца ў адпаведнасці з міжурадавымі дамовамі, якія маюць большую юрыдычную сілу, чым унутрырэспубліканскія нарматыўныя прававыя акты ў сферы коштаўтварэння. Кошты на жыллёва-камунальныя паслугі выраслі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 5 снежня 2013 года №550, які прадугледжвае штогадовае павышэнне на вызначаную велічыню. Указ Прэзідэнта мае большую юрыдычную сілу, чым пастанова Ураду”.
Калі з чыгункай ды ЖКГ ўсё больш-менш зразумела, то рост коштаў на паліва ўсё адно застаецца пад пытаннем. У пастанаўленні ўрада дакладна прапісана: “Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па нафце і хіміі не дапускаць росту адпускных коштаў на тавары”. Дык пра якое самастойнае рэгуляванне можа весціся гаворка?
Вольга Доўгая нечакана парыруе: “Ёсць такія рэчы, дзе Савет міністраў неўпаўнаважаны даваць такія даручэнні”. Прэс-сакратарка Саўміну раіць звярнуцца да Міністэрства гандлю, маўляў, яны рэгулююць кошты.
“Я думаю, яны без дазволу павысілі кошты, — кажа прэс-сакратарка Мінгандлю Алена Маліноўская. — Я дакладна не ведаю, але думаю, што на гэты конт нейкае разбіральніцтва вядзецца”.
“Футбол” працягваецца: каб даведацца дакладна, Алена Мікалаеўна раіць размаўляць з самім “Белнафтахімам"…
“Канцэрн “Белнафтахім”, як дзяржаўная арганізацыя, заўсёды дзейнічае ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам, — нават не даслухаўшы пытанне адразае прэс-сакратарка канцэрну Марына Касцючэнка. — Выконвае ўсе правілы, усе прадпісанні і ўсе неабходныя працэдуры! Я адказала на вашае пытанне, усяго добрага!”