Чаму Мінгандлю перастала зачыняць крамы (інфаграфіка)
Вайна паміж Мінгандлю і гандлёвымі сеткамі працягвалася больш за два месяцы і скончылася гэтаксама нечакана, як пачалася.
5 снежня 2014 года згодна з указам кіраўніка краіны Міністэрства гандлю атрымала права закрываць крамы і рэстараны за парушэнні. І пачалося — ужо 11 снежня зачыненыя ажно 7 крамаў электратэхнікі “5 элемент” і “Электрасіла”. Афіцыйная прычына — адсутнасць на паліцах тавараў айчыннай вытворчасці.
Праз тыдзень за тое ж зачыняюць “Мегатоп” (21 крама), праз дзень — 13 інтэрнэт-крамаў (за кошты ў доларах). 10 студзеня зачыняецца дзясятак крамаў у абласных гарадах (прычыны невядомыя), потым два дзясяткі крамак на запраўках “Лукойл”, яшчэ пазней — шапікі “Хутка-смачна” і нават некалькі “Белсаюздрукаў”. Аднак 26 лютага Мінгандлю спыняецца на жданоўскіх “Сайгонах”:
“Ідуць праверкі, ідуць. Яны заўсёды ішлі. Вы не падумайце, што яны скончыліся. І не бывае так, каб парушэнняў не знаходзілі. Проста недзе яны больш сур’ёзныя, недзе дробныя. Тады крама не зачыняецца”, — расказваюць Еўрарадыё ў ведамстве.
Агулам з 5 снежня 2014 года па 26 лютага 2015-га Міністэрства гандлю спыняла дзейнасць 118 крамаў, кавярняў і гандлёвых кропак.
Фота: kp.by