Чаму не расце пенсія

Чаму не расце пенсія

З пачатку года сярэдні заробак павялічыўся на 106 рублёў 80 капеек. А сярэдняя пенсія па ўзросце — усяго на 2 рублі 37 капеек. Як так? А ўсё таму, што за год не было ніводнага пераразліку працоўнай пенсіі. А кошты выраслі на 3,3%. Еўрарадыё спытала ў Міністэрства працы і сацыяльнай аховы, чаму пенсіі так адстаюць ад заробкаў?

"Пенсіі павінны павышацца не менш за адзін раз у год, калі не браць у разлік мінімальныя, якія залежаць ад бюджэту пражытковага мінімуму, — тлумачыць прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай аховы. — У гэтым годзе пераразліку яшчэ не было. Але да канца года пераразлік будзе здзейснены, праўда, пакуль нельга назваць дакладную дату і месяц".

Пераразлік пенсій у Беларусі ажыццяўляецца з-за росту сярэдняга заробку. Пры апошнім пераразліку ў снежні 2016 года памер працоўных пенсій у сярэднім вырас на 4,8%.

Чаму да гэтага часу не быў праведзены пераразлік?

"Акрамя сярэдняй зарплаты, на пераразлік пенсій уплывае і інфляцыя, калі менш за 5 адсоткаў за паўгода, то яны ж таксама нічога дадаткова не пераразлічваюць, — тлумачыць старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. — Так, сярэдняя зарплата павялічылася, і ў фонд сацыяльнага страхавання павінна пайсці больш грошай, але мы ж дасканала не ведаем, колькі там сёння сродкаў і якія запазычанасці ў прадпрыемстваў па гэтых рахунках. Я лічу, што ўся справа ў тым, што проста няма дастатковай колькасці сродкаў. Таму што калі бюджэтнікам паднялі стаўку ўсяго на два рублі, а гаворка ішла ў два разы, то гэта пра нешта кажа".

Былы міністр працы і сацыяльнай аховы Марыяна Шчоткіна казала, што пенсія не можа быць ніжэй за 40% сярэдняга заробку: “Наша нацыянальная бяспека не дапускае сітуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусцілася б ніжэй за 40%. Добра было, калі б яны павялічваліся”. У 2001 годзе суадносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняга заробку былі нават 45%. А сёння — каля 37%.

Пенсіянерам недаплацілі? Нават можна падлічыць колькі. 40% ад сярэдняга заробку — гэта 331 рубель. Такім чынам, пенсіянер недаатрымаў абяцаныя 22 рублі 84 капейкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі