Чаму ў прызыўнікоў здымаюць адбіткі пальцаў?

Дактыласкапія дапамагла міліцыянтам Барысава знайсці злачынцаў сярод прызыўнікоў – паведаміў “Барысаўскі інфарматар”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, на якіх падставах здымаюць адбіткі пальцаў у беларускіх грамадзян. У барысаўскім ваенкамаце высветлілася, што такім спосабам знаходзяць злачыцаў не толькі сярод прызыўнікоў, але і сярод афіцэраў:

- У нас сярод шмат якіх афіцэраў знайшлі. Калісьці, дзесьці ў маладосці яны былі ў вышуку. Гэта я маю на ўвазе ў ваенных частках.

А ўсе навабранцы, якія праходзяць абавязковую ваенную службу таксама павінны зрабіць адбіткі пальцаў пасля праходжання медагляду:

- Адбіткі пальцаў абавязковыя. Ужо мабыць трэці прызыў мы гэта робім. Раней не правяралі, але зараз, калі годны - павінен пальцы адкатаць. Калі вы будзеце годным, вам выдадуць накіраванне на дактыласкапію, – распавяла супрацоўніца Ленінскага раённага ваенкамата Мінска.

Сапраўды, закон “аб дактыласкапіі” быў прыняты яшчэ ў 2003 годзе. У канцы 2004 года прэзідэнцскім указам былі вызначаны выпадкі яго мэтавага ўжывання.

Згодна з указам дактыласкапія бывае добраахвотная і прымусовая. Абавязкова здымаць адбіткі з пальцаў павінны вайскоўцы, супрацоўнікі МДВ, падатковых мытных ворганаў, а таксама экіпажаў самалётаў.

Супрацоўнік міністэрства унутраных спраў адказаў Еўрарадыё, што абавязкова таксама здымаюць адбіткі ў злачынцаў ці падазраваных у правапарушэннях адміністратыўнага і крымінальнага кодэксаў:

- Калі затрыманы за злачынства ці адміністрацыйнае правапарушэнне, калі сведка ўказвае, што недзе здзейснілі злачынства. Калі вы, напрыклад, знаходзіліся ў кватэры, дзе адбыўся крадзёж. Натуральна, нашы здымаюць адбіткі, каб высветліць дзе злачынца, а дзе іншыя, ва ўсіх, хто знаходзіўся там. За дробнае хуліганства ў вас дакладна здымуць адбіткі пальцаў.

Юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч удакладніў выпадкі, у якіх грамадзянін абавязаны рабіць даваць адбіткі пальцаў, а ў якіх - не.

- Прымусовая дактыласкапія магчымая ў двух выпадках. Калі асоба здзейсніла ці падазраецца ў крымінальным злачынстве. І другі выпадак: калі асоба здзейсніла адміністрацыўнае правапарушэнне, але такое за якое прадугледжаны адміністрацыйны арышт. Ва усіх іншых выпадках прымусовая дактыласкапія не можа і не павінна праводзіцца. У нас гэты закон паўсюдна парушаецца прадстаўнікамі міліцыі, якія пры любой нагодзе здымаюць адбіткі пры адсутнасці пратаколаў і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

У выпадку калі чалавек не з’яўляецца правапарушальнікам, а толькі сведкам, даваць свае адбіткі пальцаў ён можа толькі па сваім жаданні. дадае юрыст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі