Чаму у снежні панізілася сярэдняя пенсія?
У канцы 2017 года сярэдняя пенсія па ўзросце паменшылася з 323 рублёў 45 капеек у лістападзе, да 323 рублёў 6 капеек у снежні. Чаму пенсія паменшылася на 39 капеек?
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Еўрарадыё патлумачылі, чаму магло адбыцца зніжэнне пенсіі:
"Паколькі гэта сярэдняя пенсія па ўзросце, то ў яе разліках выкарыстоўваюць як маленькія, так і вялікія пенсіі. Памяншэнне пенсіі магло адбыцца з-за павелічэння колькасці пенсіянераў, якія сталі атрымліваць маленькую пенсію, або з-за змяншэння колькасці пенсіянераў, якія атрымлівалі вялікую".
У снежні 2017 года сярэдні заробак беларуса павялічыўся адразу на 158 рублёў 40 капеек, і склаў 995 рублёў 30 капеек. Цяпер пенсія — гэта толькі трэць заробку.