Чаму Украіна адклікае пасла толькі пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным?
Сустрэча Дзяніса Пушыліна і Аляксандра Лукашэнкі / president.gov.by
Рашэнне МЗС Украіны адклікаць свайго пасла ў Беларусі Ігара Кізіма пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком так званай "ДНР" Дзянісам Пушыліным выклікала здзіўленне ў палітычных назіральнікаў і ў простых беларусаў.
У чым логіка? Чаму ні запуск ракет з тэрыторыі Беларусі ў першыя дні вайны, ні навучанне тут рускіх "мобікаў", ні "Зяленскі — гніда" не сталі падставай для адклікання пасла, а сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным стала? Ці азначае такі крок Украіны, што дыпламатычныя стасункі паміж нашымі краінамі ўсё ж будуць разарваныя?
Адказы на гэтыя пытанні Еўрарадыё паспрабавала знайсці з дапамогай беларускіх палітычных аглядальнікаў Арцёма Шрайбмана і Валерыя Карбалевіча, а таксама ўкраінскага палітолага Яўгена Магды.
Арцём Шрайбман: “Фармальны крок, на які Украіна павінна ісці”
Я думаю, што ў першую чаргу, у першыя дні вайны, калі пайшлі ракеты і войскі, украінскі пасол у Беларусі быў патрэбны Украіне, каб арганізоўваць перамовы, якія тады адбываліся ў Гомельскай вобласці. Тут пытанне, чаму з той пары не знайшлося ніякай іншай нагоды, каб да яе прымеркаваць адкліканне пасла, і чакалі менавіта сустрэчы з Пушыліным?
Магчыма, гэта нейкія чыста суб'ектыўныя ўкраінскія прычыны. Ёсць пасольства і гэтага хопіць, яно можа само вырашаць пытанні з бежанцамі і гэтак далей. Можа, у МЗС Украіны ёсць нейкі пункцік, звязаны з тым, што любая краіна, якая распачынае камунікацыю з сепаратыстамі, павінна быць, ну калі хочаце, пакараная, як у нашым выпадку — адкліканнем украінскага пасла. Такі фармальны крок, на які ўкраінскі бок абавязаны ісці ў падобных выпадках.
Але гэта гіпотэзы.
Валерый Карбалевіч: “Цяпер Зяленскі можа сустрэцца з Ціханоўскай”
Прыём Пушыліна ў Беларусі — гэта такі знакавы момант, які можа шмат чаго памяняць у беларуска-ўкраінскіх адносінах.
Пушылін — самы вядомы сепаратыст ва Украіне. Яго дэманстратыўны прыезд у Беларусь — гэта пэўныя перамены ў тактыцы афіцыйнага Мінска. Да гэтага афіцыйны Менск не прызнаваў, ва ўсякім разе, ухіляўся ад нейкіх публічных ацэнак анэксіі Расіяй украінскіх тэрыторый. Цяпер тое, што Лукашэнка прыняў Пушыліна, як бы дэ-факта азначае, што ён прызнае яго як кіраўніка расійскага рэгіёну. І гэта значна мяняе стаўленне Кіева да Лукашэнкі.
Да гэтай сустрэчы ўкраінскае кіраўніцтва імкнулася не раздражняць Лукашэнку, не правакаваць яго, не троліць, таму што ён можа раззлавацца і накіраваць свае войскі ваяваць ва Украіну. Цяпер жа сам Лукашэнка перакрочвае гэты Рубікон, што, зноў жа, можа стаць трыгерам у зменах тактыкі Украіны да афіцыйнага Мінска.
Яўген Магда: “Пушылін — псеўдакіраўнік акупаванай Расіяй украінскай тэрыторыі”
Ва Украіны быў выбар: не рэагаваць на гэтую сустрэчу, бо мы палітычна не прызнаем Лукашэнку і ён можа рабіць у сваім кабінеце ўсё, што хоча, нават сустракацца з Пушыліным, ці адрэагаваць. Наш МЗС выбраў гэткую рэакцыю, і я паспрабую яе растлумачыць.
Адкліканне пасла ў сітуацыі, калі дзяржава робіць недружалюбны крок — гэта нармальная дыпламатычная практыка. Думаю, нічога эксклюзіўнага ў гэтым выпадку не здарылася.
Ігар Кізім — дастаткова актыўны пасол з выразнай пазіцыяй. Гэта трэба ўлічыць, таму што ў пасольстве засталося ўсяго пяць супрацоўнікаў, а на тэрыторыі Беларусі пражываюць відавочна дзясяткі тысяч грамадзян Украіны, якія маглі там апынуцца, пачынаючы з 2014 года. Ім таксама патрэбная дыпламатычная дапамога, і яны маюць права на яе разлічваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.