Чарговы скандал вакол замежных інвестыцый у Беларусі

Літоўскія бізнэсмены заявілі аб рэйдэрскім захопе іх уласнасці ў Беларусі. У 2003 годзе МЗС Беларусі па ініцыятыве РУП "Белмытсервіс" было зарэгістраванае прадпрыемства з замежнымі інвестыцыямі СТАА "Белмыттранзіт". З літоўскага боку заснавальнікам таварыства выступіла ЗАТ "Транзіта тэрміналас". Фінансаванне падрыхтоўчага і пачатковага этапу развіцця кампаніі ў аб'ёме 760 млн рублёў здзяйснялася за кошт літоўскіх інвестыцый.

Да 2008 года прадпрыемства дасягнула істотных эканамічных вынікаў: у 5 разоў вырасла выручка, прыбытак — больш чым у 10 разоў (амаль да мільярда рублёў), рэнтабельнасць склала 94%. Пры гэтым капіталізацыя актываў прадпрыемства дасягнула больш чым 3 млрд рублёў. З 2006-га "Белмыттранзіт" пачаў выплату дывідэндаў, сума якіх летась вырасла да 1 млрд рублёў.

Аднак пасля гэтага беларускія сузаснавальнікі пачалі настойліва прапаноўваць літоўцам выйсці з таварыства і прадаць сваю долю беларускаму боку. Як гаворыцца ў лісце ЗАТ "Транзіта тэрміналас" на імя прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, са жніўня 2008-га такія прапановы набылі форму пагрозаў.

Як паведамляюць "Белорусские новости", за пагрозамі пачаліся канкрэтныя дзеянні. У выніку, у сумеснага прадпрыемства спачатку адабралі склады часовага захавання ў Маладзечна, а пасля і ў Бабруйску.

Гендырэктар "Транзіта тэрміналас" Эдуардас Паўлаўскас з сумам канстатуе: "Верагодна, у Беларусі так разумеюць укладанне замежных інвестыцый: прыходзіць інвестар, укладае грошы, будуе прадпрыемства, 5 гадоў працуе, аддае ўсё беларускаму боку і сыходзіць".

А вось кіраўніцтва "Белмытсервіса" не бачыць у гэтых падзеях ніякіх праяваў рэйдэрства і наракае на невыкананне літоўцамі сваіх абавязкаў. Нібыта, і інвестыцый яны не ўклалі ў развіццё прадпрыемства і бізнэса, і дывідэнты не выплацілі.

Тым часам сітуацыю вакол сумеснага прадпрыемства пачалі вывучаць у Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі