Частка трэцяя. Кубінскія СМІ, інтэрнэт і журналісты

З незалежнымі кубінскімі журналістамі мы сустрэліся ў невялічкай і беднай кватэры дзесьці на ўскраіне Гаваны. Іх было сем чалавек. Многія з іх хаця б дзень правялі ў турме. Усе яны згубілі працу і не могуць працаваць не тое, што па спецыяльнасці, а ўвогуле ніяк. Адзінае, за што яны жывуць - гэта артыкулы, якія пішуць у інтэрнэце і ў замежных СМІ.
Яны маюць свой блог. Абнаўляюць яго кожны чацвер у нідэрландскай амбасадзе. На гэта ў іх усяго дзве гадзіны. Але і гэтага дастаткова, калі ўлічыць, што больш ніякай магчымасці зайсці ў інтэрнэт няма. Самі журналісты жартуюць: чым менш часу на інтэрнэт, тым рацыянальней яны яго выкарыстоўваюць.

Старонкі з блогу журналісты раздрукоўваюць у тых жа амбасадах, а потым раздаюць. Робяць гэта пад пагрозай дзясяткаў гадоў турмы. Ад 3 да 15 год можна атрымаць за варожую прапаганду і ад 8 да 25 год за незаконны друк.

Тэарэтычна інтэрнэтам на Кубе можна яшчэ пакарыстацца ў гатэлях ці на пошце. Але гэтая забава хутчэй для турыстаў. Большасці звычайных кубінцаў яна проста не па кішэні. Інтэрнэт каштуе 6-9 долараў за гадзіну. А сярэдняя зарплата на востраве Свабоды - 480 кубінскіх песа, гэта каля 17 долараў. Аддаваць палову заробку за гадзіну інтэрнэта?..

Аднак нават багатым турыстам не заўсёды можа пашчасціць знайсці інтэрнэт. Могуць скончыцца карткі, паламацца антычныя камп’ютары... А знайсці usb-порт на кубінскіх камп’ютарах амаль немагчыма.



Афіцыйная прэса на Кубе – гэта дзве асноўныя нацыянальныя газеты і правінцыйныя. Ёсць некалькі забаўляльных і каталіцкіх выданняў. Газета "Granma" працягвае друкаваць лісты Фідэля Кастра. Напрыклад, ягоны ліст пра звальненне міністра адукацыі называецца "Жывыя і мёртвыя". У лісце Кастра тлумачыць, чаму звольнілі міністра - яму больш нельга давяраць, за 10 год ён пабываў за мяжой 70 разоў. А ў апошнія тры гады ён ездзіў за мяжу раз на тры месяцы. І заканчваецца артыкул словамі: "Я буду выказваць сваю сціплую думку, пакуль магу, і пакуль маю ў гэтым патрэбу. Мы, жывыя і мёртвыя, будзем працягваць змагацца!".





Ніводны нумар газеты "Granma" не абыходзіцца без аблайвання ЗША і Джорджа Буша, у прыватнасці. Тое самае і на кубінскім тэлебачанні. Большасць перадач палітычныя. Астатні час займае музыка, часта нізкапробнае кіно і серыялы краінаў Лацінскай Амерыкі.

Чытаць і глядзець такое кожны дзень надакучыла нават кубінцам. Таму айчынныя СМІ яны выкарыстоўваюць у асноўным для таго, каб даведацца пра вынікі спартыўных чэмпіянатаў. Хаця, варта сказаць, серыялы ў іх вельмі папулярныя. Вяртаючыся вечарамі ў сваю casa particular, я ледзь не ў кожнай кватэры бачыла на экранах тэлевізараў адзін і той жа серыял. Некаторыя кубінцы прызнаваліся - так, адно лайно па тэлебачанні. Але ж больш нічога няма...



Насамрэч, ёсць яшчэ незалежнае радыё, якое вяшчае з Маямі. Гэта радыё "Марці" і радыё "Рэспубліка". Аднак далёка не ўсе кубінцы ведаюць пра гэтыя СМІ. У канцы 80-х - пачатку 90-х на Кубе трансліравалася радыё для турыстаў. І мясцовыя жыхары лавілі сігнал. Таксама з дапамогай самаробных антэнаў лавілі з Маямі музычныя ды іншыя забаўляльныя каналы. Аднак рэжым вынішчыў усе антэны.

Вось, да прыкладу, у журналісткі Амарыліс такая антэна была. І неяк да яе прыйшлі людзі ў цывільным і загадалі антэну прыбраць, маўляў, ЗША скардзяцца, што Куба крадзе ў іх сігнал.

Адзін з нашых знаёмых кубінскіх журналістаў - Хуан Гансалес - някепска размаўляе па-ангельску, прайшоў курсы. Ён пачаў скардзіцца, што не можа патрапіць за мяжу. Але верыць, што сітуацыя зменіцца.

- Калі? - пытаюся.

- Just the day before I die, - адказвае ён мне.

- А куды б вы хацелі паехаць перш за ўсё?

- У Новы Арлеан. Дзе толькі віскі і джаз. Буду піць віскі, слухаць Ролінг Стоўнз... Калі ласка, Мік Джагер, не памірай, дачакайся мяне...

Нейкае ўяўленне журналісты мелі і пра Беларусь. Аднак папрасілі расказаць, як журналістам працуецца ў нас. Калі я расказвала, бачна было, як яны суперажываюць, і што ім шмат чаго знаёма. Але пасля майго расповеду адзін з іх - Луіс Піно - задумліва сказаў:

- Спадзяюся, і ў нас калі-небудзь будзе так, як у вас. У вас хаця б інтэрнэт ёсць...







Працяг будзе...



Частка другая. Кубінская шчырасць і “бясцэнныя” грошы
Частка першая. Гаванскія вуліцы, кубінскі сняданак і танная сальса
Ёланда: Я бегла не таму, што злачынца, а бо хацела быць свабоднай і шчаслівай
Уступ. Нетурыстычная Куба вачыма карэспандэнткі Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі