Што такое гепатыт А, чаму на яго хварэюць і як абараніцца

Ілюстрацыя

Ілюстрацыя / @rubanau_collage

У Беларусі ў 7,5 разу павялічылася колькасць выпадкаў захворвання на гепатыт А. Эксперты прагназуюць, што да снежня гэтая лічба можа вырасці.

Прадстаўнікі Фонду медсалідарнасці вылучылі дзве асноўныя праблемы з гепатытам А ў Беларусі. Па-першае, ён не ўведзены ў каляндар абавязковых прышчэпак, каб вакцынаваць усіх дзяцей і такім чынам панізіць рызыкі як для канкрэтнага чалавека, так і для папуляцыі.

“Вакцына ад гепатыту А паказаная толькі паводле эпідэмічных паказанняў. У Мінску вакцынацыі ад гепатыту А падлягаюць толькі дзеці ад 18 да 24 месяцаў. Ёсць загад ад 2018 года №42, які называецца “Аб прафілактычных прышчэпках”. У гэтым сэнсе пашчасціла толькі дзецям горада Мінска. Яны могуць прышчапіцца больш-менш арганізавана”, — кажа прадстаўнік Фонду.

У іншых выпадках чалавек сам прыходзіць у паліклініку і просіць зрабіць яму прышчэпку.

“Другі момант, істотны ў гэтай сітуацыі: яшчэ на пачатку года ў Латвіі заўважылі некалькі выпадкаў гепатыту А і зразумелі, што большасць тых, хто прывёз яго ў Латвію, былі ў Беларусі. З гэтага зрабілі выснову, што крыніца не ў іх краіне, а ў нас. Пра гэта пісалі ў медыя. Літаральна праз нейкі прамежак часу з’явіўся камунікат ад Мінздароўя, што колькасць выпадкаў гепатыту А расце”, — кажа лекар.

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, як абараніць сябе ад заразнай хваробы.

Якія асноўныя сімптомы гепатыту А?

Вельмі часта ўсё пачынаецца з прастуды, кажа прадстаўнік Фонду медсалідарнасці.

“Праблема з гепатытам у тым, што чалавек робіцца заразным яшчэ за адзін-два тыдні да праявы сімптомаў. Калі яны развіліся, то, хутчэй за ўсё, вы паспелі распаўсюдзіць вірус. А заканчваецца ўсё недзе праз тры тыдні ад пачатку хваробы”. 

“Гепатыт А — вельмі заразная інфекцыя, дастаткова невялікай колькасці віруснага матэрыялу, каб чалавек заразіўся”, — кажа прадстаўніца Фонду медсалідарнасці.

Асноўныя захады прафілактыкі простыя: добра мыць рукі, глядзець, якой вадою вы карыстаецеся, і, вядома, вакцынавацца.

А вакцына ёсць?

Калі вы перахварэлі на гепатыт А ў мінулым, імунітэт захоўваецца на ўсё жыццё. Гэта можна праверыць з дапамогай аналізу на антыцелы: anti-HAV. Калі вынік складае 0,1–0,2 МЕ/мл (ахоўны цітр паводле СААЗ), то прышчэпка не патрэбная.

Калі вынік адмоўны, неабходна ўвесці дзве дозы вакцыны з інтэрвалам у 6 месяцаў. Пры гэтым можна прышчапляцца і без праверкі статусу па антыцелах.

У Беларусі вакцынацыя ад гепатыту А не з’яўляецца абавязковай, а ўваходзіць у лік прышчэпак паводле эпідэмічных паказчыкаў (пасля кантакту з хворым).  

Пад выглядам звычайных жыхароў сталіцы мы вырашылі спраўдзіць, ці цяжка запісацца на вакцыну ад гепатыту А ў Мінску.

У “Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” нам сказалі, што паводле інфармацыі на 30 верасня 2024 года ёсць 370 доз (для дарослай асобы) на Мінск. Гэта як у паліклініках, так і ў прыватных цэнтрах,такіх, як “ЛАДЭ” ці “Нардзін”. 

Што такое гепатыт А, чаму на яго хварэюць і як абараніцца
Ілюстрыцыйнае фота / CDC / Unsplash
Што такое гепатыт А, чаму на яго хварэюць і як абараніцца
Ілюстрыцыйнае фота / CDC / Unsplash

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі