Чавусаў: Беларусь пакіне магчымасць пасварыцца з ЕС
16 – 17 лістапада 2009 г. у Бруселі адбудзецца паседжанне Савета ЕС, на якім будзе прынятае рашэнне, ці застануцца на наступныя паўгода ўязнымі ў ЕС шэраг беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка. Візавыя санкцыі на ўезд у краіны ЕС былі замарожаныя год таму, у кастрычніку 2008 года.
Алесь Лагвінец лічыць, што калі візавыя санкцыі вернуцца, то Беларусь будзе больш сябраваць з Расіяй і аўтарытарнымі краінамі па ўсім свеце.
Алесь Лагвінец: “Мы праходзілі праз такі этап напружанасцяў у адносінах. І тут набор магчымасцяў беларускіх уладаў вядомы: гэта, і антызаходняя істэрыка, і варожыя крокі, і ўшчыльненне адносінаў з Расіяй, ці яшчэ далей на ўсход, альбо па ўсім свеце з аўтарытарнымі недэмакратычнымі рэжымамі кшталту Ірана альбо Венесуэлы”.
На думку Віталя Сіліцкага, у выпадку вяртання санкцый беларускі ўрад адкаціць назад кволыя дасягненні лібералізацыі: “Вернуць [беларускія ўлады - заўвага Еўрарадыё] усё, што яны лібералізавалі на год, прычым вельмі дэманстрацыйна”.
Андрэй Казакевіч мяркуе, што калі чыноўнікаў зноў зробяць неўязнымі, то Лукашэнка ўспрыме гэта як падман і парушэнне правілаў гульні, якая пачалася больш за год таму.
Андрэй Казакевіч: “Тады нейкія захады будуць, каб прадэманстраваць, што Беларусь мае нейкую альтэрнатыву, якія могуць нанесці шкоду інтарэсам ЕС у рэгіёне. Думаю, што такія варыянты разглядаюцца як магчымыя”.
Эксперт таксама не выключыў, што Беларусь у такім выпадку зможа нават прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Не выключае такога развіцця падзеяў у выпадку пакідання візавых абмежаванняў і Юры Чавусаў:
"Я думаю, як сімвалічны жэст гэта магчыма. Прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі будзе сімвалічным знакам здачы беларускага суверэнітэту".
Юры Чавусаў мяркуе, што калі беларускіх чыноўнікаў зноўку зробяць неўязнымі, то беларускаму ўраду давядзецца пераглядаць адносіны з Расіяй.
Юры Чавусаў: “Калі не будзе падтрымкі з боку Еўропы, то трэба будзе дамаўляцца з Расіяй аб умовах далейшай падтрымкі беларускага рэжыму. Калі я кажу пра выбудову новых адносінаў, я маю на ўвазе, у першую чаргу, доступ да беларускіх прадпрыемстваў з боку расійскага імперыялістычнага капіталу”.
У любым выпадку, на думку Юрыя Чавусава, магчымасць пасварыцца з ЕС будзе заўсёды аставацца. І яе маюць на ўвазе стратэгі Адміністрацыі прэзідэнта, асабліва пры набліжэнні прэзідэнцкіх выбараў у пачатку 2011 года.
Іншыя матэрыялы на тэму візавых санкцый, а таксама асвятленне паседжання Савета ЕС 16-17 лістапада з Бруселя — на старонцы Еўрарадыё "Клікні Еўропу".
Фота: naviny.by