Чавусаў: Улада паказвае, што не гатовая рабіць новыя крокі насустрач Еўропе
Палітолаг пракаментаваў заяву кіраўніка дзяржавы наконт таго, што новых зменаў у выбарчым заканадаўстве чакаць не варта.
Учора падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь не будзе мяняць выбарчае заканадаўства да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія мусяць адбыцца ў верасні 2012 года. Лукашэнка адзначыў, што гэтых зменаў "некаторыя патрабуюць", але яны "абсалютна непрымальныя".
Ці сапраўды ўжо так шмат зроблена, што ўжо няма куды далей удасканальваць наша выбарчае заканадаўства? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да палітолага Юрыя Чавусава.
111019 ChausauS.mp3
Юрый Чавусаў: Справа ж не ў заканадаўстве. Беларускае выбарчае заканадаўства досыць добрае па сутнасці. Ёсць што ўдасканальваць, але ж не толькі заканадаўствам вызначаецца характар выбарчага працэсу. Ён вызначаецца агульным палітычным рэжымам у краіне. І ў прынцыпе, удасканальваць трэба не заканадаўства, а рэжым, удасканальваць трэба практыку выкарыстання ўжо існуючых нормаў выбарчага кодэксу, удасканальваць трэба адносіны ў грамадстве да выкарыстання ў якасці сябраў выбарчых камісій прадстаўнікоў бюджэтнай сферы, якія падпарадкаваныя мясцовай уладзе. У гэтым праблемы, якія не вычэрпваюцца толькі выбарчым заканадаўствам.
Еўрарадыё: Але ў такім выпадку заявы кіраўніка краіны, што не будзе змяняцца выбарчае заканадаўства, трэба разумець у тым сэнсе, што не будзе змяняцца і парадак, ход гэтай перадвыбарчай кампаніі, трэба разумець так, што ўсё застанецца гэтак жа, як і раней?
Юрый Чавусаў: Я думаю, што мэсэдж кіраўніка дзяржавы такі: мы падчас прэзідэнцкіх выбараў, падчас перадвыбарчай кампаніі зрабілі столькі крокаў насустрач еўрапейскім патрабаванням, што на дадзены момант не гатовыя рабіць крокаў больш. Гэта азначае, што парламенцкія выбары пройдуць ў трошкі менш спрыяльнай атмасферы для прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі. Я маю на ўвазе, у першую чаргу, магчымасць агітацыі, магчымасць перадвыбарчых сустрэчаў, магчымасць данясення сваіх думак і пазіцыі да грамадства.
Еўрарадыё: Гэта значыць, што магчымасці апазіцыі будуць абмежаванымі. Але ж з іншага боку, на сустрэчы Лукашэнкі і Ярмошынай была выказаная думка, што будучая выбарчая кампанія будзе яшчэ больш напружаная, чым кампанія прэзідэнцкая. На чым грунтуецца гэтая заява?
Юрый Чавусаў: Гэтая заява чытаецца такім чынам: кампанія будзе больш напружанай у тым сэнсе, што сябрам выбарчых камісій, усёй выбарчай вертыкалі, выканаўчай уладзе трэба будзе больш напружвацца, каб зрабіць гэтую "пацёмкінскую вёску" з тых выбараў, сапраўдны кошт якіх вядомы ўсім. Прычым ведаюць не толькі за мяжой, дзе знаходзіцца так званы адрасат гэтага прэзідэнцкага палітычнага мэсэджа, але ведаюць і ўнутры грамадства. Цяжка, вельмі цяжка будзе загнаць людзей на выбарчыя ўчасткі...
Еўрарадыё: А што тады са стратэгіяй дэмакратычных сілаў? Яна ўвогуле існуе?
Юрый Чавусаў: Першы крок для агульнай пазіцыі ёсць у тым, што дамоўлена аб стварэнні вось гэтай "шасцёркі" — аб'яднання шасці апазіцыйных арганізацый, якія гатовыя апрацаваць агульную пазіцыю ў дачыненні да выбарчай сітуацыі. Падкрэслю — у дачыненні не да выбараў у Беларусі, якіх ужо даўно няма, а ў дачыненні да выбарчай сітуацыі. Ёсць надзея, што рашэнне будзе прынятае, кансалідаванае, стратэгія будзе кансалідаваная, і гэтая стратэгія будзе не аднадзённая — толькі зрабіць штосьці ў дачыненні да гэтай выбарчай праблемы, а стратэгія будзе больш доўгатэрміновая. І яна будзе выкарыстоўваць выбары не як мэту, а як прыступку, крок да нейкіх зменаў.
Еўрарадыё: Наколькі рэальна, што будзе прынятае супольнае рашэнне пра байкот выбараў?
Юрый Чавусаў: Я падазраю, што пытанне байкоту, якое будзе агучана за год да выбараў, падаецца прадстаўнікам апазіцыйных арганізацыяў слабай пазіцыяй. Гэта пазбаўляе іх магчымасці лавіравання і пазбаўляе апазіцыйныя партыі ўдзелу ў той палітычнай гульні, якая вядзецца рэжымам з Захадам. Адным з элементаў гэтай гульні з'яўляецца пытанне паляпшэння выбарчага працэсу. І калі апазіцыя заяўляе пра байкот выбараў ужо за год да іх, то і заяўляць аб паляпшэнні выбарчага працэсу няма ніякага сэнсу. Улады проста зробяць свой спіс "незалежных" кандыдатаў, свой спіс афіцыйных кандыдатаў ад улады і такім чынам зробяць інсцэніроўку як бы сапраўдных дэмакратычных выбараў.
Еўрарадыё: Гэта значыць, што пра байкот можа быць заяўлена, але ўжо бліжэй да выбараў?
Юрый Чавусаў: Байкот, як пагроза — так, байкот, як стратэгія не вылучаць кандыдатаў, не займацца нічым у сферы гэтых так званых выбараў — я думаю, гэта хібны падыход, і не ведаю, якія арганізацыі гатовыя на гэта пайсці. Разумееце, байкот, сапраўдны байкот, актыўны байкот усяго грамадства — гэта вельмі сур'ёзная кампанія. На дадзены момант я не бачу ў апазіцыі сілаў арганізаваць падобнага кшталту кампанію. З іншага боку, калі такая амбітная мэта будзе пастаўленая, падрыхтоўку да такой акцыі, якая нармальна будзе ўспрынятая ўсім грамадствам, як кансалідаваная пазіцыя ўсёй дэмакратычнай супольнасці, трэба пачынаць ужо цяпер.
Фота — bymedia.by