Чэхія працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці

Падчас візіту ў Беларусь чэшскія сенатары распыталі парламентарыяў пра інтэрнэт і смяротнае пакаранне, а таксама сустрэліся з прадстаўнікамі апазіцыі і няўрадавых арганізацый.
Чэшскія парламентарыі Томаш Ірса (Tomáš Jirsa), Іржы Нэдома (Jiří Nedoma) і Карэл Шэбэк (Karel Šebek), якія ўваходзяць у "Пастаянную камісію Сената па падтрымцы дэмакратыі ў свеце", наведалі Мінск, Віцебск і Баранавічы. Яны сустрэліся з апазіцыйнымі палітыкамі, няўрадавымі арганізацыямі, а таксама беларускімі парламентарыямі.

"Мы прыехалі з мэтай сустрэцца з пэўнымі людзі, а таксама прадстаўнікамі беларускага парламента. Бо мы маем наўпроставыя сувязі з Міністэрствам замежных спраў Чэхіі, уплыў на складанне бюджэту, таму б хацелі пабачыць усё на свае вочы", ― распавёў на прэс-канферэнцыі ў Мінску Карэл Шэбек.

Цікава, што аднаму з сенатараў Томашу Ірсу апошнія 6 гадоў адмаўлялі ў беларускай візе, але цяпер дазволілі ўехаць у нашу краіну.

Томаш Ірса: "Асабіста я мяркую, што гэта стала карай на тое, што Чэхія не выдала візу Лукашэнку для паездкі на саміт у 2002 годзе".

На сустрэчы са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нінай Мазай сенатары ўзнялі пытанне адмены смяротнага пакарання для ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы і запыталі пра ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі. 

Томаш Ірса: "Можа, паміж намі ўзнікла непаразуменне наконт нашай прапановы ўключыць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі. Ніна Мазай адказала, што гэта цалкам мажліва, але апазіцыя не можа дамовіцца".

На занепакоенасць сенатараў аб рэгуляванні інтэрнэта, Мазай адрэагавала наступным чынам.

Томаш Ірса: "Яна ўпэўніла, што рэгістрацыйны кантроль мае месца толькі ў тых інтэрнэт-кавярнях, дзе не забаронены доступ да парнаграфічных і экстрэмісцкіх сайтаў, і толькі ў дзяцей да 18 гадоў".

Па словах сенатараў, Ніна Мазай таксама адзначыла, што нягледзячы на крымінальны артыкул 193-1, няўрадавыя арганізацыі існуюць.

Томаш Ірса: "Мы паведамілі, што не разумеем, чаму некаторыя арганізацыі не зарэгістравалі, але яна адказала, што адмова ў рэгістрацыі не значыць адмовы ў дзейнасці, што дастаткова заявіць аб сваім існаванні і без рэгістрацыі".

Той факт, што сенатары правялі афіцыйную сустрэчу з беларускімі парламентарыямі, не сведчыць, што Чэхія прызнае вынікі выбараў. У чэшскага парламента, як і Еўрапарламента і Савета Еўропы, застаюцца сумневы пра свабоднасць выбараў, падкрэсліў Томаш Ірса. Але другога парламента, з якім можна развіваць двухбаковыя адносіны, у Беларусі няма, дадаў ён.

Сенатары адзначылі, што Чэхія падтрымлівае дэмакратычныя пераўтварэнні ў розных частках свету, у тым ліку на Кубе. Але Беларусь як сусед Чэхіі, ім бліжэй за ўсіх. На сёння чэшскі ўрад дапамагае радыё "Свабода", Еўрапейскаму радыё для Беларусі, шэрагу няўрадавых арганізацый, сярод іх – Грамадзянская Беларусь і Чалавек у нядолі. І Чэхія мае намер працягнуць сваю падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.

Томаш Ірса: "У нас няма ніякіх праблем з тым, каб Чэшская Рэспубліка надалей працягвала падтрымку Беларусі як у межах двухбаковых адносін, так і на ўзроўні Еўрасаюза. Мы кажам пра падтрымку Беларусі, пра падтрымку грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый".



Сенатары Іржы Нэдома і Карэл Шэбэк з харугвай Вялікага княства Літоўскага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі