ЧС па хакеі-2014 адбудзецца ў Мінску — гэта канчатковае рашэнне
Міжнародная федэрацыя хакею на кангрэсе зацвердзіла месцы правядзення ўсіх міжнародных турніраў у 2014 годзе.
Чэмпіянат свету ў дывізіёне IB будзе праведзены ў Каўнасе (Літва) з 20 па 26 красавіка. Адзіную пуцёўку ў дывізіён IA будуць аспрэчваць шэсць зборных — Вялікабрытаніі, Польшчы, Галандыі, Румыніі, Літвы і Харватыі.
Месцы правядзення турніраў у астатніх дывізіёнах чэмпіянату свету: топ-дывізіён — Мінск (Беларусь), дывізіён IA — Сеул (Паўднёвая Карэя), дывізіён II A — Бялград і Нові-Сад (Сербія), дывізіён II B — Хака (Іспанія), дывізіён III — Люксембург (Люксембург).
На тэрыторыі былога СССР ў 2014-м годзе акрамя чэмпіянатаў свету ў Мінску і Каўнасе і Алімпійскіх гульняў у Сочы адбудзецца яшчэ два турніры пад эгідай Міжнароднай федэрацыі хакею. Гэта юніёрскі (да 18 гадоў) чэмпіянат свету ў дывізіёне II B у эстонскім Таліне (13-19 красавіка) і чэмпіянат свету сярод жанчын у дывізіёне IB — у латышскім Вентспілсе (14-22 красавіка).
Шэраг праваабарончых арганізацый і дэпутатаў Еўрапарламента прапаноўвалі не праводзіць чэмпіянат свету ў Беларусі з-за парушэння правоў чалавека афіцыйным Мінскам. Права правядзення чэмпіянату Беларусь атрымала ў 2009 годзе. Ён пройдзе з 9 па 25 траўня на “Мінск-Арэне” і “Чыжоўка-Арэне”.
Замест зборных Славеніі і Аўстрыі, што пакідаюць элітны дывізіён, права выступіць там налета атрымалі зборныя Італіі і Казахстану, нагадвае Радыё Свабода.