Чуццё на "Сумленных людзей": як валанцёраў не пускаюць лічыць галасы на выбарах

Галасаванне / belsat.eu
Галасаванне / belsat.eu

У 2020 годзе беларусы, якія раней не цікавіліся палітыкай, раптам паверылі, што іх могуць дапусціць да падліку галасоў на выбарах. 2000 валанцёраў кампаніі "Сумленныя людзі" падалі дакументы на ўдзел у выбарчых камісіях па ўсёй краіне.

Добранадзейнасць і пісьменнасць

23 чэрвеня раённыя адміністрацыі пачалі разглядаць іх звароты. Вылучэнцам "з народа" масава адмаўляюць у рэгістрацыі. А да выбарчых бюлетэняў дапускаюць толькі "палітычна добранадзейных" і "палітычна пісьменных" — рэальныя цытаты з характарыстык правераных часам і папярэднімі выбарамі сяброў УВК.

23 чэрвеня гэтыя пасяджэнні праходзяць па ўсёй краіне. Пад маркай каранавіруса гледачоў да чыноўнікаў не дапусцілі — але арганізавалі трансляцыі на "Ютубе". І вось мы назіраем, як самавітыя людзі ў Фрунзенскім раёне Мінска раз-пораз падымаюць рукі. Вылучаны ад нейкай безыменнай партыі — усе за. Яшчэ адзін такі ж — усе за. Вылучаны шляхам збору подпісаў — хоп, і ўсе раптам супраць!

 

"Адчувала сябе на арт-хаусным спектаклі"

"Не ўзялі мяне ў выбарчую камісію. Прадказальна, але асадачак застаўся. Неяк цяжка, сумна, брыдка ўнутры, — фруструе валанцёрка "Сумленных людзей" Вольга Бераснёва. — Чаго паперлася? Ведала ж, што перажываць буду. Калі коратка: ім не патрэбны сумленныя людзі ў камісіі. У выканкаме і так усё добра.

Пачалося пасяджэнне ў 7:30. "Галасавалі" па кожнай участковай выбарчай камісіі асобна. Калі заяў было больш, чым квота ўчастка, то галасавалі асобна па кожнай заяве. Канкрэтна па маёй заяве зрабілі заўвагу, што я прапісаная не па адрасе пражывання. Хоць гэта не абавязковая ўмова.

У зале былі людзі, якія выступалі ў падтрымку сваіх вылучэнцаў, але выступалі яны чамусьці пасля таго, як людзей ужо выбралі ў камісію. Дзе логіка? Гэта былі прадстаўнікі "Белай Русі", "Саюза жанчын". Выступалі застарэла: характарызуем як добрасумленнага работніка, сацыяльна актыўнага адказнага чалавека, які карыстаецца аўтарытэтам у калектыву... Я адчувала сябе на нейкім арт-хаусным спектаклі, глядзела на гэтых людзей на сцэне і не разумела таго, што адбываецца. Альбо яны дрэнна ігралі, альбо проста я не зразумела задумкі. Больш не хачу ўдзельнічаць у падобным. Вельмі вымотвае".

А ты дакладна праваабаронца?

Не пусцілі ва УВК і мінчанку Анастасію Лабёнак:

"Маю заяву адхілілі. "За" выказаліся 2 чалавекі, "супраць" — 7. Мая заява ад грамадзян была адзіная на ўчастку, усе астатнія — ад партый і арганізацый. Я дала ўсе свае дыпломы, біяграфію, але бескарысна. На якой падставе адмовілі? Нічога не растлумачылі. Ніякіх падстаў. Далей буду падаваць заяву на тое, каб быць назіральнікам".

Чутьё на “Честных людей”: как волонтёров не пускают считать голоса на выборах
Кампанія "Сумленныя людзі" / honestpeople.by

У Валожыне без тлумачэння прычын адмовілі ва ўдзеле ва УВК беларускаму музыку і даўншыфтару Верасню: "Не відаць мне выбарчай камісіі. Райвыканкам аднагалосна прагаласаваў супраць маёй кандыдатуры".

У каментарах расказваюць, як у Брэсце пракацілі міма ўчастковай выбарчай камісіі праваабаронцу Рамана Кісляка: "Не існуе пасады "праваабаронца" ў класіфікатары... Звесткі прызнаныя неверагоднымі... Уключаць у склад не рэкамендуюць... Аднагалосна супраць".

Чуццё ў іх на "Сумленных людзей"

У Выбарчым кодэксе не прапісаныя прычыны для адмовы ў рэгістрацыі грамадзянам, якія вылучаюцца ва УВК. Артыкул 34 кажа пра тое, што "органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш за адну траціну яе складу фармуюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў".

Інакш кажучы, сур'ёзныя людзі з выканкама, якія падымаюць рукі, і не абавязаны нікому нічога тлумачыць. Зручна, так? Ну і неяк проста так выпадкова выходзіць, што вось проста ўсе "Сумленныя людзі" ім не падабаюцца. На "Сумленных людзей" у іх чуццё. Яно дазваляе беспамылкова вызначыць валанцёра і пракінуць яго міма ўчастковай выбарчай камісіі.

Пасяджэнні па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій пройдуць таксама раніцай 24 чэрвеня. Да другой паловы дня стане вядома, колькі "Сумленных людзей" прайшло ва УВК. А тыя, каго да падліку галасоў не дапусцяць, у трохдзённы тэрмін змогуць абскардзіць адмову ў судзе. Або пайсці ў назіральнікі. Але мы ж разумеем, што гэта зусім іншая гісторыя. Адна рэч — самому лічыць бюлетэні. І зусім іншая — з N метраў глядзець на гэта з-за спін "пісьменных" і "добранадзейных".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі