ЧУП: Несправядліва, што мы плацім падаткаў больш за ІП

Усё павінна быць па справядлівасці, лічыць гандляр семкамі Сяргей Касцюнін. Сёлета ён перайшоў з індывідуальнага прадпрымальніка ў юрыдычную асобу - ЧУП. Цяпер даводзіцца плаціць больш падаткаў. А між тым, ІПэшнікам, магчыма, працягнуць спрошчаную сістэму ўвозу тавараў з-за мяжы да 2010 году.

Сяргей Касцюнін:
“Натуральна, я б быў за тое, каб і ў ЧУП, і ў ІП былі аднолькавыя ўмовы. Нас прымушаюць браць накладныя, дзе ўзяў тавар, ПДВ я плачу. Плюс мы плацім яшчэ падатак з продажаў 5%, а ІП не плацяць. Канечне, нам у гэтым плане цяжэй. А ІП зараз па-старому. То бок, ІП можна стаяць побач – па-чорнаму браць. А мне трэба паказаць, дзе ўзяў тавар. Гэта, канечне, несправядліва!”

Не дзіўна, што індывідуальны прадпрымальнік Наталля Ткачэнка, якая на тым жа Камароўскім рынку прадае тыя ж семкі, радуецца свайму сённяшняму становішчу.

Наталля Ткачэнка: “Зараз у нас ніякіх клопатаў няма. А калі ўвядуць вядзенне дакументаў як у юрыдычных асобаў, то для нас гэта будзе, канечне, вельмі цяжка. Трэба будзе весці ўсю дакументацыю – накладныя, расходы, прыходы”.

Гэта і натуральна. Спадарыня Ткачэнка працуе сама на сябе, наёмных работнікаў ёй мець забараняецца. Калі давядзецца валтузіцца з дакументамі, Наталля проста пойдзе ў заслужаны адпачынак.

Наталля Ткачэнка: “У мяне ёсць права выбару. Я ж на пенсіі. Дык я тады, можа, каб не ўскладняць сабе жыццё, пакіну бізнэс. Ці, кажуць, што, магчыма, дазволяць браць прадаўца”.

Спадар Касцюнін, на жаль, пайсці ў адпачынак не можа. У яго 8 наёмных працаўнікоў. Павысіць кошты на сваю прадукцыю ён таксама не можа – канкурэнцыя ў ІП, якія могуць дазволіць сабе невысокія цэны. І панізіць не выходзіць – і так у мінус працуе. Даводзіцца мірыцца з сітуацыяй.

Сяргей Касцюнін: “Навошта мне вышэй цэны рабіць? Гэта ж канкурэнцыя. Я б зрабіў ніжэй, калі б не падаткі, не заробкі... Ну, невялікі ў мяне прыбытак, з чэрвеня ў мяне ўвогуле мінус. Дык вось думаем, як... Калі б у мяне не было наёмных рабочых, я б у ЧУП не пераходзіў”.

Вырашыць спрэчку паміж ІПэшнікамі і ЧУПамі не дапамог нават актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін. Ён кажа, што ўсё на свае месцы расставіць развіццё рынку, а не адміністратыўныя метады кіравання. І калі трэба будзе, індывідуальныя прадпрымальнікі знікнуць як від самі па сабе.

Сяргей Балыкін: “Дробны гандаль з развіццём рынкавых адносінаў страціць свае пазіцыі ў нашай краіне, як ён страціў у іншых краінах. Таму што гандаль патрабуе вялікіх капіталаў. Калі ў нашай краіне будзе сапраўдная ліберальная эканоміка, то да нас прыйдуць буйныя гандлёвыя сеткі. І яны выключна эканамічнымі метадамі выціснуць дробны гандаль у невялічкія нішы”.

Карэспандэнтка Еўрарадыё пабывала на сталічным Чэрвенскім рынку. Кошты на адзін і той жа тавар у ІПэшнікаў і ЧУПаў прыкладна аднолькавыя. Розніцу мы заўважылі толькі ў алеі. У прадпрымальніка літр алею каштуе 5950, а ў юрыдычнай асобы – 6320. Значыць, ЧУПы ўсё ж спрабуюць павысіць свае даходы за кошт цэнаў, аднак зрабіць гэта з размахам не атрымліваецца.


Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі