Чым пагражаюць таблічкі пра дэмантаж на Вайсковых могілках у Мінску
Вайсковыя могілкі раніцай 26 верасня прыбіраюць чатыры чалавекі. Мятуць на цэнтральнай алеі лісце. На магіле з прыгожым вялікім бюстам таблічка:
“Згодна з актам інвентарызацыі участкаў для пахавання “Вайсковых” могілак дадзены ўчастак прызнаны камісіяй Мінгарвыканкама недагледжаным а надмагільныя збудаванні спарахнелымі. Трэба прывесці ўчастак і надмагільныя збудаванні ў парадак. У выпадку невыканання гэтага патрабавання надмагільныя збудаванні могуць быць дэмантаваныя і утылізаваныя”.
Таблічку павесілі год таму, значыць, яшчэ праз год па законе могуць утылізаваць і дэмантаваць.
Тэрыторыя пахавання сапраўды крыху зарасла, агароджа паржавела, стаіць роўна. Але помнік вялікі і прыгожы, відаць, выраблены скульптарам па асабістай замове. Ідзем далей.
Вось сапраўды старая агародка над пахаваннем 1958 года. Але надмагільны камень нармальны. Імя і дата чытаюцца. І таксама — таблічка “Згодна з актам інвентарызацыі участкаў для пахавання…”.
Сустракаюцца і зусім сцёртыя надмагільныя помнікі і агародкі, нават і імя не прачытаеш. Іншае пахаванне 1950 года, агароджа старая, але клумба выглядае прыстойна, а над магілкай высачэзны помнік з чорнага граніту.
Вось надмагільны камень 2016 года. Хаваць тут ужо нельга, але можна падхаваць урну да сваякоў, калі на гэта ёсць дакумент, які пацвярджае роднасныя сувязі.
Таблічкі з пагрозамі утылізацыі з’явіліся пасля інвентарызацыі, праведзенай адмысловай камісіяй з Мінгарвыканкама. Могілкі нібыта аглядаў сам старшыня гарадскіх уладаў Андрэй Шорац разам з намеснікам. Цяпер тры тысячы з больш чым сямі пахаванняў прызнаныя недагледжанымі.
“Ніводнае пахаванне не знікне, усе пахаванні застануцца. Але знікнуць старыя крыжы, кветкі. Пры жаданні сваякі змогуць знайсці пахаванне. Застануцца акты, усё сфатаграфавана”, — тлумачаць Еўрарадыё ў адміністрацыі могілак.
І дадаюць, што помнікі ў добрым стане чапаць не будуць. Прыбяруць старыя агародкі. Як варыянт, могуць паставіць надгалоўнікі, як на вайсковых пахаваннях. Але канчатковага рашэння пакуль няма. Гэта будуць вырашаць у Мінгарвыканкаме.
Тыя чатыры рабочыя, якія падмятаюць цэнтральную алею, гэта ўсе, хто ёсць на могілках. Яны прыбіраюць магілы Якуба Коласа і Янкі Купалы. Яшчэ 75 пахаванняў вядомых асоб дапамагаюць прыбіраць школьнікі і студэнты.
“Пакуль ніхто нічога зносіць не будзе. Мы хочам, каб людзі прывялі спарахнелыя надмагільныя збудаванні ў парадак. Калі не прывядуць, то мы знясем і паставім ідэнтыфікацыйны знак. Які, будзе вырашаць Мінгарвыканкам. Але гэта там, дзе упала агароджа, дзе ўсё закінутае. Калі там прыгожы бюст, то ён застанецца, вядома. Тым больш, ужо прыходзяць людзі і прыбіраюць, фарбуюць агародкі”, — адказваюць на спецкамбінаце КБА, які глядзіць за ўсімі могілкамі ў Мінску.
Калі нагадваеш пра магчымы знос, чыноўнікі спасылаюцца на “Закон аб пахаванні і пахавальнай справе”.
“Спецыялізаваная арганізацыя мае права дэмантаваць і утылізаваць разбураныя надмагільныя збудаванні, ступень разбурэння якіх выключае іх рамонт і (або) аднаўленне, прывесці ў парадак ўчасткі для пахавання, на якіх яны размяшчаліся, усталяваць ідэнтыфікацыйны знак з указаннем прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (калі такое маецца), дат нараджэння і смерці памерлага (калі яны вядомыя)”, — гаворыць закон.
Значыць, знесці можна толькі тую агароджу ці помнік, якую немагчыма адрамантаваць.