Чыноўніца з Мінфіна — прадпрымальнікам: Грошы ў краіне будуць! (відэа)

18 траўня ў Мінску прайшоў форум прадпрымальнікаў, у якім узяло ўдзел каля 200 прадстаўнікоў малога бізнесу. Яны хацелі даведацца, як сітуацыя з дакументамі, неабходнымі для гандлю (дэкларацыі, сертыфікаты), будзе складацца далей. Прадпрымальнікі з розных регіёнаў Беларусі — з Гомеля, Наваполацка, Брэста, Мінска — кажуць, што продажы ў іх упалі крытычна, бо пакупніцкая здольнасць беларусаў вельмі істотна знізілася. ІП занепакоеныя тым, як у такой сітуацыі ім далей працаваць: закупляць тавар, распрадаваць лішкі, а таксама плаціць падаткі ды за арэнду гандлёвых плошчаў.

Прысутны на форуме начальнік аддзела Мінфіна Тамара Станько кажа, што калі закрыюцца заводы, у прадпрымальнікаў увогуле не будзе пакупнікоў. У той жа час чыноўніца падтрымала прадпрымальнікаў у крытыцы прадукцыі “Беллегпрама”.

Іпэшнікі пратэстуюць супраць няякаснага тавару ад “Беллегпрама”

“Вас не задавальняе якасць беларускай прадукцыі “Беллегпрама”? Я таксама з імі пастаянна лаюся: не тое што насіць, глядзець на іх прадукцыю не хочацца!” — нечакана выдае чыноўніца.

Адказваючы на пытанне лідара грамадскай арганізацыі “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, чаго чакаць прадпрымальнікам, калі эканамічная сітуацыя ў Беларусі выправіцца і "калі ў краіне з'явяцца грошы", чыноўніца супакоіла прысутных.

Станько:[Грошы] будуць. Будуць, чытайце інтэрнэт — там усё напісана. Мы спадзяемся, што пачнуць нашыя прадпрыемствы працаваць, і грошы з’явяцца”.

Нагадаем, папярэдні форум праходзіў 16 лютага і сабраў больш за 1000 прадпрымальнікаў. Тады ІП дамагліся, каб улады адмянілі забарону на продаж лішкаў без сертыфікатаў і наклалі мараторый на канфіскацыі і праверкі іпэшнікаў. Пазней Лукашэнка падпісаў указ №143, які дазволіў іпэшнікам гандляваць без дакументаў да 1 студзеня 2016 года. Разам з гэтым прадпрымальнікі атрымалі ўмову: пры рэалізацыі тавараў без дакументаў устаноўлены павышальны каэфіцыент 2 пры вылічэнні адзінага падатку і падатку на дадатковую вартасць у чатыры этапы: на 2 — з 1 па 31 сакавіка, на 2,5 —  з 1 красавіка па 30 чэрвеня, на 3 — з 1 ліпеня па 30 верасня, на 4 — з 1 кастрычніка па 31 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі